Баторый пабудаваў у Гродне, па ўспамінах французскага падарожніка XVII стагоддзя Дзюпонта, «адзін з найпрыгажэйшых каралеўскіх дамоў у каралеўстве», што, зразумела, было істотным фактарам, якi прадвызначаў увагу наступных манархаў Рэчы Паспалітай да гродзенскага замка. Вектар узвышэння Гродна, намечаны Баторыем, умацоўвае статус горада, зафіксаваны, напрыклад, у кнізе нямецкага гісторыка Цайлера, выдадзенай у 1647 годзе. У ёй Гродна называецца «выбітным» і «другім пасля Вільні».
Асноўнай рэзідэнцыяй манархаў у гэты час з'яўляецца Варшава. Гродна стаяў якраз на актыўна выкарыстоўванай дарозе паміж сталіцай ВКЛ Вільняй і галоўнай рэзідэнцыяй каралёў і вялікіх князёў у Польшчы. Пры гэтым Брэст застаецца ў баку ад найкарацейшага шляха ўладцаў з фактычнай сталіцы Кароны ў сталіцу Княства.
У 1673 годзе Хрыстафор Пац дабіваецца так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ. Сеймавым горадам Літвы прызначаецца Гродна. Падобна Брэсту, які быў некалі «другой сеймавай сталіцай» Княства, Гродна ператвараецца ў другую сталіцу ўсёй Рэчы Паспалітай. Цяпер гэта галоўны горад Літвы, хаця, у некалькі парадаксальным ключы, ён не мае свайго ваяводства, якое ёсць у Брэста. Тым не менш, у самым канцы існавання Рэчы Паспалітай Гродна, без усялякага сумнення — фактычная сталіца ВКЛ, дзе і перагортваюцца заключныя старонкі існавання Княства, у прыватнасці, праходзіць апошні сейм Рэчы Паспалітай, пасля якога адбываецца паўстанне Касцюшкі, а пасля гэтага — палон апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў горадзе над Нёманам, і адрачэнне бяздольнага манарха ад трону.
Пасля далучэння Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны да Расійскай імперыі, статус Гродна быў такі высокі, што першапачаткова менавіта горад над Нёманам быў прызначаны цэнтрам краю, хаця неўзабаве сталіца перамясцілася ў Вільню.
У створанай расійскай адміністрацыяй новай губерніi Брэст стаў сталіцай павета, а губернскім горадам — Гродна, хоць, горад над Бугам быў больш-менш супастаўны з губернскім цэнтрам па колькасці насельніцтва.
Раздзелены Берасцейшчына і Гродзеншчына былі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. У 20-х гадах ХХ стагоддзя палякі зрабілі Брэст цэнтрам ваяводства, а Гродна толькі цэнтрам павета ў складзе ваяводства са сталіцай у Беластоку.
У складзе БССР Гродна і Брэст атрымалі свае вобласці, такім чынам зраўняўшыся ў сталічным статусе.
Цэнтрамі абласцей гэтыя заходнія гарады з'яўляюцца і ў складзе Рэспублікі Беларусь.
На момант напісання кнігі Гродна — буйнейшы заходнi горад, які лідзіруе ў большасці ўнутраных рэйтынгаў самых прыгожых гарадоў Беларусі, затое Брэсцкая крэпасць прымае большую, чым любы гродзенскі аб'ект, колькасць турыстаў, якія ў асноўным едуць з Расіі.