Светлый фон

Сёння мы павінны належна ацаніць значнасць апошняга беларускага аднарога і назваць у ягоны гонар адну з цэнтральных вуліцаў, а лепш плошчаў сталіцы.

2002 г.
2002 г.

Усё цвіце і цвіце тая кветка

Усё цвіце і цвіце тая кветка

Тэма папараць-кветкі доўгі час была для даследнікаў закрытай. Санкцыю адпаведных органаў на вывучэнне гэтага феномену мелі толькі фалькларысты. Ні гісторыкі, ні біёлагі не маглі даступіцца як да гістарычна зафіксаваных выпадкаў цвіцення некаторых разнавіднасцяў папарацяў, так і да фактаў уздзеяння кветкі на чалавека (адкрыццё энергетычных каналаў і паўстанне экстрасэнсорных здольнасцяў).

У дагістарычныя часы на нашай планеце раслі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд – штогадовай травяністай расліны даўжынёю 40–120 см. Аднак у народнай свядомасці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданне пра Адама і Еву (“Дасюк ды Еўка”) апавядае, што першая жанчына “ўкусіла ягаду з дзерава папарацьняга”. Сёння папарацевыя на абшарах Беларусі рэпрэзентаваныя колькімі дзясяткамі разнавідаў, якія стасуюцца да групаў папараць жаноцкая (Athyrium) і папараць мужчынская (Driopteris). Абедзве групы спараносяць у ліпені-верасні і, зразумела, не цвітуць. Але ці заўсёды так было?

У новаадкрытых урыўках з пратографу “Аповесці мінулых гадоў” хрэстаматыйнае апісанне “жывёльных звычаяў” радзімічаў, вяцічаў, крывічоў мае пэўныя нюансы, цікавыя нам: “Схожахуся на игрища, на плясеньне… и ту умыкаху жены сабе… ходяху оу чащи мглисты, рваху цвет от папороти на чудесы влхвески”. Тое самае знаходзім і ў паасобных архаічных былінах (асабліва Невельскага і Веліжскага цыклаў) пра Іллю Мурамца. Так, у быліне “Ілля Мурамец і крывы змей” сустракаем такое:

Отправлялся Илья Муромец в дороженьку, Отправлялся богатырь святрусский в дальнюю. В лес кривой вдоль гроба Рогволодова. В лес густой, где папороть волшебная.

Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага сярэднявечча, пацвярджае прыпіска ў т. зв. “Гомельскім евангеллі” ХІІІ ст.: “Грешния вештия не бегаем, быстем бо доднесь радимици: жоны умыкаху, у лесех бываху, зелия чарадейски имать хощем и папаратцвет наигоре”.

Паводле народных паданняў, сарваўшы ў купальскую ноч папараць-кветку, чалавек становіцца празорлівым, пачынае разумець гаворку дрэваў, траваў, звяроў і птушак, яму адкрываюцца заклятыя скарбы ў зямлі. Але лічылася, што чароўны эфект быў кароткатэрміновым. “К суетнаму липнете, ибо по цвете овым, яко навие ходите: хто малый час, а некие и суток три, гудите о грядущем и злато в земли. Но обрящете ль вы что-любь, кром греху?” – звяртаўся да “простой чади” невядомы полацкі царкоўнік XIII ст.