У брызентавым плашчы і гумовых чобатах, адзін шнар на жываце, а другі, дзеля разнастайнасці, на спіне, пальцы толькі нядаўна зрасліся, а мазалі яшчэ не сышлі – я стаю на вузкай паласе поплаву ля самай былой мяжы. Дождж ліе і ліе, і лугавіна ўжо пад тонкім слоем вады. Трава сагнулася пад вадой. Ля маёй нагі праплывае па ручаінцы яшчарка – спакойная такая, ярказялёная, з жоўтым узорам на спінцы. Яшчарка вышэйшай нацэначнай катэгорыі. У дзяцінстве, злапаўшы такую, мы радаваліся нашмат больш, чым калі ўдавалася злавіць бляклую шэранькую. Натапыраныя лапкі яшчаркі на дзіва падобныя да маленечкіх ручак дзіцяці. Лугавіна. Вада. Рыфлёная паверхня дажджавога патоку. Спакойная яшчарка з дзіцячымі далонькамі. З аднаго боку Польшча, з другога – Расея. З вузкай паласы паміж імі (не ведаю дакладна, адкуль) я чую шэпт:
Котылася торба З вэлыкого горба, А в тій торбі Жыто, пшаныця, Хлібпаляныця…У гэтым шэпце ці то дакор, ці то кпіна, а можа, нешта накшталт паблажлівай падзякі… Гэта гаворыць да мяне зямля, насычаны дажджавой вадой чорны глей, гэта яе нячутны, з ніадкуль, невыразны, але магутны голас.
Скацілася торба, ды проста мне ў рукі.
Торба коштам жыцця.
Падстаўляеш рукі пад торбу, а ловіш смерць.
А потым стаіш тут, пад спорным дажджом, і вада сцякае па падвялым твары, плашчы вайсковага колеру, гумовых зялёных чобатах.
Зараз я вытру з морды ваду, пагляджу яшчэ раз на ярусы, на якія дождж падзяліў прастору, пайду дахаты (там захаваўся такі неразбураны куточак, дзе можна спакойна сесці і пісаць) дый занатую ўсё як ёсць па парадачку. А калі гэта будзе зроблена, паеду і больш сюды не вярнуся.
І яшчэ: не ўсё ў гэтай аповесці выдумка, не ўсе супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. Але калі з гэтай нагоды да мяне прыпруцца так званыя афіцыйныя асобы, то я ад усяго адкручуся. Змагу. Для іх, мастацтвазнаўцаў у штацкім, дадам, што дзеянне адбываецца ў 2012 годзе.
Норы ў часе
Норы ў часе
Любімы мой занятак – рыць норы ў часе. Калі іх рыю, калі-нікалі таксама чую шэпт зямлі. Але рэдка.
Страдчэ, Любча ды Дабрацічы
Страдчэ, Любча ды Дабрацічы
Усё пайшло ў маім жыцці наперакос з самага пачатку, літаральна. Нараджаць матуля насуперак парадам сваёй маці, а маёй бабы, выправілася ў нядаўна створаную вясковую