Наступнай зімовай раніцай Віталь, галодны й зьмерзлы (у здымнай кватэры кепска працавалі батарэі), прачнуўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў уверх, пад стольлю вісела самотная, празрыстая, круглая лямпачка. Раніца толькі займалася, сьвятло праз карычневыя фіранкі праходзіла халодна й тужліва, быццам быў вечар, а ня раніца. Цырульнік сеў на ложку, закрануў нагой пустую бутэльку з-пад партвэйну, тая гучна пракацілася па драўлянай падлозе й трапіла на падраны кілім.
Ізноў трэба выпраўляцца на ненавісную працу, ізноў да вечара быць у атачэньні людзей, размаўляць з супрацоўнікамі й зладзеяватымі адміністратарамі, якія толькі й сачылі з-пад ілба за ім, нагаворваючы на яго кліентам на карысьць сваёй сяброўкі, якая стрыгла кепска, але фанатычна ставілася да грошай і да месца ў салёне. Ізноў грэбаны калектыў, які яго не прымае, ізноў адныя і тыя ж размовы, мацюкі, піцьцё кавы, спробы адасобіцца ў кладоўцы з кнігаю. Грошай як не было, так і дагэтуль няма.
Праца ў сфэры абслугоўваньня часта падобная да працы на заводзе – заробак малы, але каб пражыць акурат да наступнага. Менавіта праз гэта чалавек застаецца там гадамі, бо калі ён атрымае больш грошай, пачне марыць і плянаваць лепшае жыцьцё, лепшую працу, пажадае адкрыць сваю фірму, свой салён, паспрабуе пераехаць, эміграваць… Але гэта нецікава тым, хто займае высокія пасады. Ты мусіш зарабляць столькі, каб хапала на ежу, і баста.
Цырульніку яшчэ ўчора прапаноўвалі пяцьсот эўра… А што, заплюшчыў бы вочы й уявіў бы якуюсь са сваіх любімых італійскіх порнаакторак залатых дзевяностых, тую ж Сэлэну Дэ Росу альбо Моніку Рокафортэ, якія працавалі на легендарнага рэжысёра Марыё Сальеры… Няхай бы стары швэд захлынуўся ягонай спэрмай.
Грошы, грошы, паўсюль грэбаныя грошы, паперкі, якія дыктуюць свае правілы, робяць зь людзей блядзей.
Віталь падняўся з ложка й выправіўся ў прыбіральню, майткі на ягоным целе ледзь трымаліся, парваныя ззаду й перакручаныя празь неспакойны сон.
Пяцьсот эўра, і будзе магчымасьць месяц не працаваць, ня гнуць сьпіну й ногі дзеля мізэрных адсоткаў ад праробленай працы, дзеля няшчасных чаявых, якіх хопіць роўна на хлеб, кільку ў тамаце, дзьве бутэлькі партвэйну, пачак цыгарэт, бутэльку мінэралкі й адкласьці колькі тысяч у тэчку, каб на пачатку новага месяцу заплаціць за кватэру. І ўсё. І гэта вынік ягонага сталеньня. І гэта тое, да чаго ён імкнуўся? Пра што марыў у дзяцінстве? Ах так, ня трэба забывацца на той факт, што ён часам падзарабляе працаю дома са сваімі пастаяннымі кліентамі.
Цырульнік вырашыў, што калі сёньня швэды ізноў прыйдуць, ён, напэўна, трахне іх і за меншыя грошы, яшчэ да таго, як яны пасьпеюць зжэрці свае кантынэнтальныя сьняданкі.
Сцэнарыстка
Сцэнарыстка
У ружовай рэстарацыі на трэцім паверсе гатэлю, зачыненай для ўсіх, акрамя пастаяльцаў, сёньня насычаны графік: другі дзень запар здымаюць нейкі безгустоўны расейскі сэрыял пра мянтоў… Дзея адбываецца падчас абеду ў пажадана цалкам невядомай для гледача прасторы, галоўныя героі – ён (мяркуючы па ўсім, забойца) і ён (мяркуючы па ўсім, бязьвінны, але чамусьці гэтаму ніхто не дае веры)… Сцэнар тупы й просты – падстава ў забойстве бязьвіннага чалавека… Здымаюць усё ў Менску, бо ў Беларусі зьняць сярэдненькі расейскі фільм альбо сэрыял у пяць разоў таньней, чым у расейскай глыбінцы, дзе кошты накручваюць тоўсты губэрнатар і мясцовы мэнталітэт.
З аднаго боку тут, на здымачнай пляцоўцы, паўсюль адчуваецца эканомія спонсарскіх грошай – ад танных плястыковак і запаранай кавы “Жокей” у тэрмасах да непадрыхтаванага пэрсаналу, а з другога – усе паводзяць сябе, як барчукі са сваім імпэрыялізмам.
Па ўсіх законах эканоміі выпісваць сцэнарыста з Масквы ня сталі, хопіць галоўных актораў, якія абыходзяцца, як цэлы полк масоўкі для ваеннага фільма, таму сцэнарыста шукалі ў Менску. І знайшлі. Галіна Фэліксаўна адпісала сцэнар паводле пляну, як мае быць, выклалася выдатна, хутка, чыста, прафэсійна й на тыдзень раней за тэрмін. Галоўны рэжысёр запрасіў яе на здымачную пляцоўку, трэба было пабачыцца, пагутарыць, пазнаёміцца, расплаціцца… І гэта, як выявілася, было памылкаю ад самага пачатку…
У рэстарацыі зьявілася жанчына невядомага ўзросту ў чорным ваўняным кажуху, у хустцы, з чырвоным тварам, з саплямі на верхняй губе, зь вялікімі чырвонымі вачыма, позірк якіх блукаў па прасторы. Яна зрабіла колькі крокаў у бок апэратара й спынілася каля актораў. Крочыла яна цяжка, хада ў яе была напорыстая, ногі тоўстыя, круглыя, як ружовыя калёны ў рэстарацыі, абутак быў стаптаны й хутчэй нагадваў штосьці самаробнае, спадніца ледзь праглядала чорным краем з-пад кажуха. У адной руцэ жанчына трымала чорную торбу, а ў другой шэрыя варэнкі, якімі час ад часу дакраналася да сьлязьлівых вачэй і носу, зь якога няспынна цяклі зялёна-празрыстыя соплі. Галіна Фэліксаўна – ва ўсёй прыгажосьці й неадэкватнасьці.
Як яна патрапіла ў гатэль, як прайшла праз ахову, як паднялася ў рэстарацыю?! Мэнэджар на гэта даў дабро па тэлефоне. Ён толькі прыйшоў на працу й меў загад пускаць праз цэнтральны ўваход усіх асобаў, якія задзейнічаныя ў працэсе кіназдымкаў, так было прасцей, бо ня трэба выпісваць аднаразовыя пропускі. Таму ахоўнік, вядома, спачатку сумняваўся, што рабіць: даць Галіне Фэліксаўне пад сраку альбо паказаць, дзе ліфт на трэці паверх.
Жанчына крыху пастаяла, перамінаючыся з нагі на нагу, паглядзела, прымружыўшы вочкі, на актораў і апэратара, села за суседні стол і паставіла сваю чорную торбу на пустую талерку. А трэба дадаць, што, акрамя апэратара, двух актораў і асыстэнта рэжысёра, у рэстарацыі было каля трыццаці чалавек масоўкі, якія елі, пілі й гутарылі, а яшчэ гатэльныя афіцыянты, якія побытава падыходзілі да сваіх роляў, і гэта было файна для сэрыяла, так бы мовіць, натуральна, працэс яго стварэньня йшоў поўнаю хадою.
Галіна Фэліксаўна спачатку гучна замовіла вады бяз газу, перапыніўшы актораў, потым па невялічкай паўзе – эспрэса й попельніцу, і села чакаць замову… – Ды што гэта тут такое?! – абурыўся рэжысёр, ускокваючы са свайго месца. – Хто такая?! Што, блядзь, за самадзейнасьць?!
Галіна Фэліксаўна назвалася й прадставіла сябе як сцэнарыста, смачна высмаркаўшыся ў насоўку.
Рэжысёр паглядзеў на Галіну раззлавана, але ніякай цікавасьці ў ягоных вачах не чыталася: за сваё жыцьцё ён розных алігафрэнаў бачыў, асабліва ў сьвеце літар і фарбаў, таму моўчкі адлічыў патрэбную суму й папрасіў сцэнарыстку пасьля кавы сысьці і больш ніколі, ніколі не зьяўляцца перад ягонымі вачыма, нягледзячы ні на што, нават на яе талент пісаць сцэнары.
Галіна Фэліксаўна скончыла з каваю, папіла вады, папаліла й выправілася да ліфта і, сышоўшы на першым, зьнікла сярод наведнікаў лобі-бара, заняўшы месца ў прыцемку, у куце барнага стала.
– Я, разумееце, шаноўны, я вось хварэю, а то ж, усе мы хворыя, але пра гэта ня ведаем, вось як. Так, хворая, алергія ў мяне амаль на ўсё, што існуе ў сьвеце, часта бывае: як возьме мяне ацёк Квінкэ, дык ледзь “хуткая” пасьпявае, таму мне трэба пробы рабіць… – сцэнарыстка гучна, таропка прагаворвае словы, яна так жадае, каб бармэн выслухаў яе да канца, каб прыслухаўся, каб пашкадаваў, што не заўважае, як часта паўтарае адно і тое ж. – Вы мне мо крыху больш каньяку падліце, вы не саромейцеся, я тут кіно здымаю, я каньяк на падрапанай руцэ разатру, і калі ніякіх прыкметаў алергіі ня выявіцца, буду яго піць, – і яна носам шморгае, соплі ганяе, губа ніжняя трасецца, нібыта вось зараз расцягнецца і жанчына пачне плакаць. – Ну калі ласка, у мяне грошы ёсьць, вы не хвалюйцеся, насамрэч кожны з нас можа захварэць, усе мы носім у сабе бактэрыі й вірусы, усе мы патэнцыйныя мерцьвякі, – Галіна Фэліксаўна сьлязьліва скуголіла і церла на запясьці мінэралку, чакаючы, калі пададуць каньяк.
Праз хвіліну перад ёй зьявіўся кубак з чайнай вадкасьцю сямігадовай вытрымкі. Сцэнарыстка плюхнула алькаголем на запясцье й пачала драпаць руку, пакуль не праступіла колькі кропель крыві. Бармэн, звалі яго Юра, шмат чаго бачыў у сваім жыцьці, але ўсё адно аслупянеў і ўтаропіўся на руку жанчыны, скура якой была чырвоная. І тут Юра ня вытрымаў і папрасіў жанчыну разьлічыцца й зьнікнуць зь ягоных вачэй. Сцэнарыстка заенчыла, але далей зь ёй не цырымоніліся…
Галіна Фэліксаўна яшчэ два разы трапляла на лобібар, ахоўнікі мяняліся зьменамі й ня ведалі яе, дзённы мэнэджар Карнэй Эдуардавіч выводзіў яе днём, начны Хасан – ноччу, галоўны мэнэджар меў зь ёй размовы, а таксама адміністратары рэстарацыі, ахова, бармэны Юра, Вова, Кастусь і Андрэй, але яна магічным чынам трапляла ў гатэль, сядзела, церла каньяк на рукох, пускала соплі, часам пачынала плакаць, аднойчы яе сапраўды разьдзьмула, як балёнік, яна пакаштавала маленечкую чакалядку, якая была пакладзеная на бірдэкель як падаруначак для кліентаў гатэлю й рэстарацыі.
Аднойчы Галіна патрапіла ў спа-цэнтар і адтуль у салён-цырульню… Гэта быў гамон… Фарбы… Усе фарбы для валасоў яна размазала па рукох, запэцкала сваю адзежу й сядзела так на канапе перад стэндам рэцэпцыі, чакала алергічнай рэакцыі, ацёкаў і ўсяго самага горшага, плакала, распавядала скрозь стогны й сьлёзы пра тое, што ўвесь сьвет хворы, ён памірае, настае Армагедон… Яна напалохала наведнікаў салёну, хтосьці, як толькі прыходзіў па запісе, бачыў такую карціну й адразу сыходзіў, Віталь, цырульнік, проста схаваўся ў сваім пакоі для пэрсаналу, Антон, другі майстар, глядзеў на сцэнарыстку такімі спужанымі вачыма, быццам пабачыў сьмерць, і не варушыўся, яму адначасова было цікава, чым усё гэта скончыцца.