Светлый фон

Не, я не злуюся на надвор’е, мне быццам усё роўна, але я здзіўлены, што вельмі доўга яно трымаецца вось такое: ціхае, шэрае і не халоднае. І адначасова дзіўлюся сам з сябе праз тое, што я дзіўлюся надвор’ю. Хіба раней я звяртаў на яго ўвагу? І ці задумваўся: чаму так, а не іначай? Было разоў колькі, калі нечаканая непагадзь магла сапсаваць нашую студэнцкую вылазку на прыроду, але мы заўсёды мелі на такі выпадак запасны варыянт у выглядзе якой сядзібы. А вось цяпер на мяне неяк цісне, мякка, але няўмольна ахутвае лёгкай незразумелай тугой нашая штодзённая шэрасць…

Мне спадабаўся райцэнтр пасля тлумнага Мінска: варта выйсці на працу ўсяго на паўгадзіны раней – і табе ніхто не сустрэнецца наперадзе, ніхто не будзе даганяць ззаду. Нечакана для сябе я зрабіў адкрыццё: тут можна пабыць самотным без асаблівых высілкаў. Увесь горад жыве паводле аднаго вялізнага нябачнага будзільніка. Праз хвілін трыццаць-сорак з’явяцца першыя аўтамабілі, пасля – веласіпедысты, потым тратуары пачнуць запаўняцца мінакамі. А пакуль – цішыня, адно мае крокі. Вечарамі ў нейкі момант вуліцы імкліва пусцеюць, цішэюць, нешматлікія пары-тройкі моладзі ў пагусцелай шэрасці, якая глушыць гукі, брыдуць з аддаленых куткоў у цэнтр – там іх месцы тусоўкі, там некалькі ліхтароў і лавы ў ценю…

Яшчэ мяне прывабіў правінцыйны гарадок сваім адчуваннем прасторы. Тут няма старых вуліц жыдоўскай забудовы, дзе дарогу шырынёй толькі каб аўто праціснуцца падпіраюць сцены дамоў, і ты ідзеш міма акон, бы які злодзей – на адлегласці выцягнутай рукі ад пакрытых пылам шыбаў. Вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры шырокія, ад краю дарогі да хат – добры дзясятак метраў. Няма ў гарадку і сучасных вышэзных дамоў, вузкіх двароў. Тут самы высокі шматпавярховік – на пяць паверхаў, двары проста велічэзныя, у сталіцы на такой плошчы яшчэ б тры-чатыры гмахі ўціснулі. І таму тут прывольна. Нават аўтамабілям хапае месца. Праз самы кароткі час пасля мінскай таўкатні і даўкі да цябе вяртаецца адчуванне тваёй асабістай прасторы, амаль фізічнае адчуванне, і людзі вакол таксама заўважаюць яе. Тут усе быццам маюць асаблівы зрок, бачаць воблака твайго працягу вакол цябе. І нават калі падыходзяць на вуліцы, спыніўшы, – не парушаюць, не разрываюць гвалтам нябачную тваю абалонку і берагуць сваю. І ты таксама не лезеш нахабам у чужы свет, нават калі перад табой твой сябар.

Хаця, па праўдзе, сяброў у мяне тут пакуль няма. У пракуратуры я не толькі самы малады, але, бадай, усім магу дацца ў сыны па ўзросце. Хіба акрамя сакратаркі Зіначкі, трыццацітрохгадовай крэпенькай жанчыны невысокага росту з завялікімі для яе танкарысага твару пульхнымі грудзьмі.