Светлый фон

І насамрэч, у пракуратуры адносіны былі дастаткова простымі і празрыстымі. Першую праверку на вашывасць я прайшоў ужо праз тыдзень: у маім кабінеце выпівалі, ужо не помню з якой нагоды, усім складам. Мне патлумачылі два простыя правілы: першае – выпіваць будуць заўсёды ў кабінеце самага малодшага, другое – прыбіраць пасля выпіўкі дазволена толькі раніцай і толькі гаспадару кабінета. Калі першае было дастаткова зразумелым, то слушнасць другога я дапяў, калі назаўтра прыйшоў за гадзіну да пачатку работы, адчыніў фортку і стаў прыбіраць. Дарэмна было ўспамінаць, як і калі так атрымалася, але ж на факсе тэлефанаграмы ляжалі некалькі скрылікаў падсохлага сычужнага сыру. Учора яны б дакладна апынуліся разам з дакументам у сметніцы. Шукаў бы потым…

Заскочыў у свой кабінет, адчыніў фортку: смурод з сумесі тытунёвага дыму, гарэлкі, часночнай каўбасы (яе чамусьці вельмі паважаюць у пракуратуры) і яшчэ не разабраць чаго быў густым, хоць па сценках размазвай. Прымкнуў дзверы і пайшоў на другі паверх да Тамары. Як і думаў, яна сядзела за сваім сталом і курыла. Заўважыла мяне, махнула рукой – прычыні дзверы, нахілілася і дастала бутэльку.

– Кажуць, не станеш алкаголікам, пакуль не навучышся піць адзін, – казала яна, наліваючы ў тыя самыя шклянкі з узорам па краях. – Безумоўна, гэта глупства, але ж вось не магу адна. А пахмяліцца трэба… Старая стала зусім, колькі там учора выпіла, а галава як цэбар, і ў роце страшна… Бяры!

Мы выпілі, Тамара пасунула мне попельніцу.

– Ты справу па трупеню-тапельцу закончыў? Тое, што яна пачала размову са справы, падказала: патэлефанавала яна не толькі з жадання пахмяліцца разам.

– Закончыў, – кіўнуў у адказ. – Заключэнне паправіць крыху…

– Паправіш… – Тамара паказала позіркам на бутэльку: – Давай яшчэ па адной… і больш не будзем. Выклікала кіроўцу, паедзем зараз…

– Трупень?

– Ён самы… Ты так і жывеш без дзеўкі? – неспадзявана спыталася Тамара.

– Ды неяк часу на іх няма, – адмахнуўся я.

– Ну, вось і пазаймаешся, – без усмешкі пажартавала Тамара. – Каб не забыўся, як баба выглядае… Вясковую маладзіцу, 27 гадоў, знайшлі голай на ячменным полі. Як табе?

– Ого! – здзівіўся я. – Цікава… А дзе такія жарсці?

– Ляўдок… Ведаеш?

– Не давялося пакуль пабыць…

– Дваццаць кіламетраў па трасе, крыху ўбок. Была вёска сярод лесу, засталося некалькі хат жывых… Але ж гадоў восем таму нехта першы аблюбаваў сабе хатку пад дачу. Ну і панеслася. Хоць ніяк не зразумею, дзе там цікавае: лес ды поле. Рачулка – вераб’ю па калена. Але факт: сёння там невялікі дачны пасёлак; праўда, дамкі сціплыя… Збіраюцца, адпачываюць, памідоры-трускалкі…