Светлый фон

Кожная пекная дзяўчынка – Мілэдзі або Канстанцыя, кожны дарослы – кардынал, а кожны школьны адмарозак – тупы гвардзеец. “Д’Артаньян” вучыў абараняць справядлівасьць нават там, дзе цябе пра гэта ня просяць, заступацца за дзяўчат і бачыць у іх калі ўжо ня belles Dames sans merci, дык прынамсі ня менш чым каралеваў. Фільм вучыў не баяцца ні бога, ні чорта, ні кляснага кіраўніка, вучыў, што найлепшымі дабрадзейнасьцямі для мужчыны ёсьць адвага, віно, сяброўства, вернасьць і пачуцьцё гумару. Часам мне і цяпер здаецца, што гэта ня самы горшы джэнтльмэнскі набор. А часам я са смуткам думаю, што ўсе гэтыя важныя і дужа рамантычныя рэчы зазналі ў нас з часам такую трансфармацыю, што лепш бы нас ім ніколі не вучылі. Адвага ператварылася ў скандальнасьць, віно – у хранічны алькагалізм, сяброўства – у неабходнасьць трываць надакучлівых занудаў, “зладзеяў і пасквілянтаў”, ад якіх ня ведаеш, як пазбавіцца, вернасьць – у панылы кансэрватызм, гумар – у дэпрэсіўную клаўнаду і злыя жарты з таго, хто слабейшы. Зрэшты, у іншых бывае і горш: вакол усё больш баязьлівых канфармістаў, якія ня ўмеюць ні любіць, ні ненавідзець, глушаць сабе мазгі расейскімі тэленавінамі і ў якіх жартам завецца пошлы анэкдоцік. І гэта мужчыны, якія глядзелі “Д’Артаньяна”?..

Дый з самім д’Артаньянам нешта здарылася. Ён пастарэў і з задавальненьнем прадаўся кардыналу: невыносна брыдка глядзець на пасівелага мушкетэра, вернападданыя вочы якога ажно ільсьняцца ад прыступу любові да самага подлага, дробнага і гнюснага са шпіёнаў – звычайнага масьё Пуціна, расейскага забойцу і хлуса, якому Мішэль Баярскі з такой рабскай адданасьцю кінуўся дапамагаць у ягоных прапагандысцкіх гульнях. Мішэля Баярскага, які скрыпіць, як пацёртае сядло пад царскай задніцай, пра тое, што “мы, деятелі культуры, целіком поддержіваем…”, які забаўляе садыстаў і бласлаўляе жорсткую і дурную вайну. Вось куды занёс верны конь былога мушкетэра.

Мы ляжым з табой на канапе і спрачаемся, за фіранкамі кардынальскага колеру парыскі парк Villemin і дзіцячая пляцоўка, і мы чуем адтуль крыкі дзяцей, далёкіх нашчадкаў д’Артаньяна, Атоса, Партоса, Араміса, Канстанцыі і Мілэдзі, і нават самога Рышэльё. Гэта rue des Récollets, скрыжаваньне з rue du Faubourg Saint-Martin, і на фоне муру, уздоўж якога мы кожны дзень ходзім на шпацыр, цалкам можна здымаць новую экранізацыю гісторыі трох мушкетэраў. Надыходзіць вечар, і ты кажаш мне спачатку пра рамантыку, а потым і пра рамантызм, і пра тое, што гэта ўсё дзевятнаццатае стагодзьдзе: вось так ставіцца да жыцьця, да жанчын, да самога сябе. Так, твая праўда: немагчыма лічыцца з гэтымі дабрадзейнасьцямі – сапраўды, чаму гэта жанчына мусіць лепятаць: “Я не сказала “да”, мілорд…” і пакорліва слухаць уладна-юрлівае: “Вы не сказалі “нет”. Чаму яна ня можа гаварыць як чалавек? Але прабач, інакш я не магу, алюміневая шпага тырчыць у маіх грудзях, і наогул, гэта проста зімовы Парыж вінаваты, халодныя чорна-белыя прывіды Парыжу дзевятнаццатага стагодзьдзя, бо менавіта там тоўсты Дзюма-бацька напісаў свае раманы пра нязгасную славу вялікага гасконца.