Светлый фон

– Ёсць тут хто? – спакойным голасам прамовіў я ў бок адкрытых дзвярэй.

Услухоўваючыся ў кожны шоргат унутры і па-за карабля, я чакаў адказ.

– Эй? – крыху гучней вымавіў я і скрывіў твар ад галаўнога болю.

Побач працягвалі страляць іскры з правадоў. З-за сцен даносіўся шум калышучых зялёных галінак.

Я павольна, з цяжкасцю падняўся на ногі. Першыя хвіліны стаяць было нязручна, але паступова цела, як і прытомнасть, абвыкала да ўсяго, што рабілася са мной. Я зірнуў на сцяну, што была насупраць. Нібы каламутнае люстэрка, яна адлюстроўвала мой сілуэт. З глыбокім дыханнем, адштурхваючыся ад металічнай сцяны, я зрабіў пару крокаў наперад. Падышоў бліжэй да адбіцця. Паглядзеў на сябе: прастакутная форма твару, шырокі падбародак, тонкія вусны і роўны нос. Злёгку вузкі разрэз вачэй, а над імі навіслі русыя бровы. Галава ў белай тканіны.

Уважліва вывучыўшы сваё адлюстраванне, я вырашыў даследаваць абстаноўку. Пад нагамі, на падлозе, раскіданыя металічныя дэталі і нейкія прадметы. Пераступаючы іх, я вылез з жалезнага памяшкання, праз адчыненыя дзверы, што размяшчаліся непадалёк.

Я цвёрда ступіў на друзлую чырвоную глебу. Наперадзе мяне сустракалі густыя, цёмныя расліны, вялікае лісце цёмна-зялёнага колеру, пакрытае чырвоным пылам. Сціплы вецер тут жа перастаў іх дакранацца, яны стаялі нерухома. З гэтых тропікаў чуўся горкі пах гнілі. Мне стала брыдка дыхаць, я скрывіў твар і адышоў далей. Выйшаў на пустынную паласу, на след, што пакінуў за сабой невялікі касмічны карабель, на якім я, відавочна, здзейсніў экстранную пасадку. Я глядзеў на яго, пазнаваў гэты карабель. А дакладней, я ведаў яго будову – мне не здалося гэта веданне дзіўным.

Адчуваўся стан стомленасці і я прысеў на друзлую глебу. Я не ведаў, што мне рабіць далей. Я працягваў глядзець на сумную цёмную зеляніну. Але мне не давала спакою і ў той жа час палохала толькі пачуццё поўнага бяспамяцтва аб сабе. Я быў незнаёмцам для самога сябе.

Я зноў паглядзеў на шэры касмічны карабель, на задняй дзверы якога былі дзве вялікіх лічбы і адна маленькая літара.

– Дваццаць сем «к». – ціха прамовіў я.

Правае крыло было сарвана, увесь корпус быў пакамечаны. Другое ж крыло ляжала часткова на паверхні, пускала дым. Гледзячы на яго, я спрабаваў яшчэ хоць нешта ўспомніць, але нічога не атрымлівалася. Толькі галава балела, а няведанне яшчэ больш стала раздражняць мяне. Я прыпадняў галаву і ўбачыў, як збягаюцца аблокі ў вялікую хмару, якая рухалася ў мой бок. Цёмна сіняе воблака імкліва расло, набліжалася, змяняючы сваю афарбоўку. А вецер вяртаўся назад да майго атачэння. Ён быў ужо не такі сціплы, наадварот, стаў гарачым і грозным. У некаторых месцах было відаць, як пыл сыпаўся і падымаўся з раслін. Маленькія парушынкі павольна лёталі ў паветры пад магутнымі дрэвамі, падобна рассыпанай пудры. А над верхавінамі гэтых жа велізарных дрэў парушынкі збіраліся разам, паднімаючыся ўсё вышэй і вышэй, ствараючы сабой вялікую пляму пылу.