Светлый фон

Забраўшыся на борт, я стаіўся ў цёмным куце, што быў паміж кабінай кіравання і грузавым блокам. Непадалёк ляжаў доўгі кавалак тонкага металу. Не ўяўляю, адкуль ён адарваўся, але прыйшоўся вельмі дарэчы. Я, не разважаючы, падняў яго і прыціснуў да сябе. Мяне пужала ўсё: тое, што ходзіць у зарасніках трапічнага лесу, гідкія жукі, мёртвы чалавек і тое, як карабель працягвае тлець у прабоіне. Усё гэта прымушала маё сэрца дрыжаць ад страху. Я доўга сядзеў нерухома, пільна ўслухоўваючыся ў кожны шоргат вакол сябе і зусім забыўся пра маленькую рану на пальцы рукі. Шум павялічваўся, усё бліжэй і бліжэй падбіраўся да мяне, нібы хтосьці, разрэзаўшы вялікую колькасць дрэў, утоптваў іх у зямлю.

Я яшчэ больш сціснуў прадмет, які трымаў у руцэ, рыхтуючыся махнуць ім пры першай жа магчымасці. Я быў гатовы ўдарыць і абараніць сябе ад жудаснага, як мне здавалася, монстра, што прабіраўся да карабля.

Сцямнела як унутры карабля, так і звонку. Ні праз прабоіну ў корпусе, ні праз трэснутае шкло кіравання – я не бачыў амаль нічога. І раптам на маім касцюме загарэўся дысплей, які знаходзіўся на запясце. Я тузануўся ад сіняга святла, зірнуў на дысплей на левай руцэ – на ім адлюстроўвалася нейкае слова. Я зачыніў святло далонню, дысплей патух, увесь шоргат разам знік. Толькі здалёк шумела лісце ад ветру.

– Дзіўна… – падумаў я, – Чаму раптам усе гучныя гукі сціхлі?

Я насцярожыўся, змакрэў. У гэтай цемры станавілася яшчэ страшней, чым пры святле дысплея. Я паспрабаваў вярнуць яго святло, вадзіў пальцамі і далонню па ім, але ён не ўключаўся. Стук аб метал карабля хутка адцягнуў мяне ад дысплея.

Хтосьці ўзлез на борт. Дакладна. Выразны гук, падобны на сокат, станавіўся ўсё гучней. Маленькае святло, якое з'явілася ўслед за гукамі, асвятляла сабой усё больш прасторы. Я заўважыў рухаючы сілуэт, стаў цэліцца ў яго, каб ударыць з усёй сілы. Заскражатаўшы зубамі, я выскачыў і ўзмахнуў цвёрдым прадметам. Удар прыйшоўся незнаёмцу ў спіну. З вялікім грукатам ён паваліўся на падлогу. Я, не чакаючы такога шуму, здрыгануўся. Мне здавалася, што ён будзе ляжаць нерухома некаторы час, але ён пачаў павольна ўставаць.

Я працягваў цэліцца, сціскаць цягліцы, хацеў ужо ўдарыць яшчэ раз, але пачуў.

– Прабачце!? Вам патрэбна дапамога? Я магу вам чым-небудзь дапамагчы?

Я зрабіў пару крокаў назад, спіной упёрся ў сцяну. Паспрабаваў зноў уключыць святло на дысплеі, але той не слухаўся мяне. Я стаў больш актыўна перабіраць пальцамі па яго паверхні. Прыбор паддаўся, і я асвятліў ім прастору перад сабой. Шэрае, худое стварэнне ўстала перада мной спіной. Я застыў на месцы. Яго паказальны палец выпраменьваў чыстае святло. Шэры сілуэт на чорным фоне развярнуўся і стаў сьвяціць прама на мяне. Святло не прыносіла маім вачам дыскамфорт.