Светлый фон

— Ды не, не... — паспешна, нават трохі напалохана апраўдваўся Антось.— Я ж не скарджуся, грэх было б скардзіцца, слова кепскага не скажу... У Ганны добра, чалавек яе харошы — вады ў лыжцы не замуціць, усяго, што трэба, ёсць, ніхто не папракае, як у тым горадзе: то не так, то не туды ступіў, то не па-гарадскому, культурнаму гаворыш перад гасцямі, то кватэру не на ўсе замкі зачыніў, то сядзі ціха, не замінай, не лезь са сваёй гамонкаю да Эдуарда, калі ён газету чытае... А ў Ганны — вёска. Вёска ёсць вёска. Гэта зусім не тое, што горад, каб ён згарэў...

— То чаго ж вам яшчэ трэба?

— Нічога... — трохі разгубіўся Антось.— Месца там толькі нядобрае... Нізкае, хоць і бало- та асушылі. Камар’ё вочы выядае... — I заўва- жыўшы, што яму не надта вераць, змоўк, цяжка ўздыхнуў: — Кругом добра, а дома лепей...

— Яно вядома: свой дом ёсць свой дом...

— Так, так... — ахвотна падхапіў Антось.— Зімою яшчэ нічога. А к вясне на душы так тужліва робіцца, што свет нямілы, сон не прыходзіць. Самкнеш вейкі — вёска сніцца. Ой, людцы добрыя, як цягне! Быдта магнітам дадому цягне... Праўду, мусіць, кажуць, што старога чалавека, як і старое дзерава, не парасадзіш. Старое дзерава не прымаецца на новым месцы...

У наступную восень забіраць бацьку была Нініна чарга. Ніна і Ганна нарадзіліся блізнятамі, раслі падабнюткія, як два каласочкі, як дзве расіначкі. Толькі сталася, што доля ў іх зусім розная. Ганна вывучылася, напаткала талковага чалавека, а Ніна... I васемнаццаці не было, як выскачыла за нейкага прыхадня, здаецца, трохі ёкнутага. За сорак чалавеку, а ён усё блазнуе, не можа знайсці-прыбіцца да сваёй справы, да свайго месца ў жыцці. Гоняць адусюль, як шкадлівага ката. Ды дзе ж не будуць гнаць, калі ён да гарэлкі ды гэтага «чарніла» — што кот да валяр’янкі. А што робіць з чалавекам гэтая погань — вядома... Чалавек чалавекам перастае быць, у свінства кідаецца...

Жывуць яны бліжэй за ўсіх — у раёне. Кепска жывуць: у хаце нічога няма, кватэрка маленькая, цесная — не тое што ў Галі. Дзе ж там што будзе, калі яе валуй амаль штодня п’яны. Словам, няма жыцця, не жыццё, а пекла ў Ніны. Нават з выгляду яна зараз старэй за Ганну гадоў на дзесяць — пятнаццаць, а то і болей выглядае. Як стануць побач — не скажаш, што сёстры-блізняты, а быдта маці з дачкою.

У Ніны Антось не застаўся. Пабыў дзень-другі, паглядзеў на ўсё і, каб вочы не бачылі, вушы не чулі, з цяжкім астоем на сэрцы вярнуўся пазад у вёску, намерыўшыся, што б там ні было, а зімаваць дома.

Мо і зімаваў бы, каб пад першы снег не прыехала Ганна з мужам — мусіць, ім Ніна пра ўсё напісала.