Светлый фон

— Усё, тата! — рашуча і ўпэўнена заявіла Ганна.— Хопіць людзей смяшыць...

— А чаго-о... Я прывык. Мне добра,— узбадзёрыўся Антось, аднак за гэтай бадзёрасцю цяжка яму было схаваць радасць, што яны прыехалі, удзячнасць, што забяруць на зіму.— Але не ваша калейка браць мяне...

— Тата, што вы гаворыце?! — пасароміла яго Ганна, адначасова і сама адчула незразумелы сорам, не зусім асэнсаваную віну перад бацькам.— Во Ленка вам прывітанне перадавала. Строга наказала: калі не прывязеце мне майго дзядулечку — самі можаце не вяртацца. Ой, як яна вас чакае!

Згадка пра ўнучку Ленку размякчыла Антосева сэрца, асвяціла яго суровы твар мяккай пяшчотнай усмешкай. Ленка — яго любіміца. Маленькая, шустрая, улятае, як віхор, лашчыцца: дзед-дзядулечка, а раскажы, як раней было. I ён расказвае. Яна прытуліцца, заварожана слухае. Ніхто на свеце не ўмее так слухаць яго, як унучка Ленка. Слухае-слухае і ўсё дапытваецца, да драбніц хоча ведаць пра Грамаду, пра ТБШ, пра тое, як змагаліся, як адстойвалі сваё, не жадаючы быць апалячанымі, служкамі ў паноў і падпанкаў. Шчабеча па-беларуску на злосць сваім сяброўкам, якім надта ж карціць-хочацца быць падобнымі на гарадскіх.

— То як яна там? Во нядаўна пісьмо прыслала...

— Нічога. Адны пяцёркі. На залаты медаль цягне. Летам збіраецца ва універсітэт паступаць, настаўніцай задумала. Я адгаворваю...

— Ну, чаго гэта ты адгаворваеш?! — не ўхваліў дачку Антось.— Настаўніца — гэта добра. Не збівай дзіця з тропу.

— Во-во, гэта яна заступніка чакае! — смеючыся сказала Ганна.— А я-то думаю, чаго яна: дзядулечку-дзядулечку...

Антосева сэрца распірала ад гордасці за ўнучку. Падумаў: а мо і праўда, досыць смяшыць людзей — трэба пераязджаць да Ганны ды дажываць пры ёй свой век, як дажываюць пры дзецях усе старыя людзі. Хіба ён такі адзін? Колькі выехала з вёскі і жывуць неяк...

— Ладна, дзеці,— нейкім узнятым, урачыстым голасам сказаў Антось.— Паехалі ў кантору. Прадамо — і ўсё, не будзем смяшыць людзей. Дзякуй вам за клопат, што не адварочваецеся ад старога... А старшыня казаў, што купіць хату, калі ўздумаю ехаць насаўсім...

 

Назаўтра, калі прыбыла камісія ацэньваць сядзібу, Антось нейкім адсутным, абыякавым позіркам сачыў, як абстукваюць сцепы, падрубы, заглядваюць ва ўсе закуткі, занатоўваюць у свае блакноты. Балюча кранула, што гэтыя чужыя, дзелавыя людзі амаль не зважаюць на яго, быдта не ён, а ўжо яны тут гаспадары. Змусіў сябе змірыцца, аддацца на волю лёсу, і на нейкі час гэта ўдалося. Але неўзабаве спакваля стала смактаць, аглытваць незразумелая цьмяная трывога.