Мая гарачнасць прымусіла Холмса ўсміхнуцца.
– Можа, вы і маеце рацыю, Ўотсан, – сказаў ён. – Здаецца, какаін не найлепшым чынам уздзейнічае на здароўе. Затое ён так цудоўна стымулюе думку і праясняе розум, што на яго пабочныя дзеянні я не звяртаю ўвагі.
– Але падумайце, якую цану вы плаціце! – настойваў я. – Вы кажаце, што наркотык абуджае мозг і паляпшае яго дзейнасць, але тканкі вашага цела ўсё больш змяняюцца, а гэта цягне за сабой паталагічныя незваротныя працэсы, пастаянную слабасць у найлепшым выпадку. Вы ж ведаеце пра кепскую рэакцыю арганізму на ўколы. Ці вартая аўчынка вычынкі? Чаму дзеля асалоды, якая хутка мінае, вы рызыкуеце сваімі бліскучымі здольнасцямі, падараванымі вам прыродай? Успомніце, што з вамі гаворыць не толькі ваш сябар, але і доктар, які ў пэўным сэнсе адказвае за ваш стан.
Холмс, здавалася, зусім не пакрыўдзіўся. Больш за тое, размова яму падабалася, бо ён звёў кончыкі пальцаў і зручна абапёрся локцямі на ручкі фатэля.
– Мой мозг паўстае супраць бяздзеяння, – сказаў ён. – Дайце мне загадку, дайце працу, дайце найскладанейшую крыптаграму ці самую заблытаную праблему – і я адчую сябе як рыба ў вадзе. Я забуду пра любыя штучныя стымулятары. Але шэрае штодзённае існаванне я ненавіджу. Я прагну разумовага напружання – дзеля гэтага і абраў сваю незвычайную прафесію ці, хутчэй, нават стварыў яе, бо такіх, як я, у свеце больш няма.
– Вы адзіны прыватны дэтэктыў у свеце? – спытаў я, падымаючы бровы.
– Адзіны прыватны дэтэктыў-кансультант, – адказаў ён. – Я апошні і найвышэйшы апеляцыйны суд у дэтэктыўнай справе. Калі Грэгсан, ці Лестрад, ці Этэлні Джонс не могуць справіцца з праблемай – а так яно звычайна і бывае, – яны ідуць да мяне. Я як эксперт вывучаю ўсе падрабязнасці і выказваю сваё меркаванне – меркаванне спецыяліста. Мне не патрэбная слава. Маё імя не з’яўляецца ў газетах. Найлепшая мая ўзнагарода – гэта сама праца, цудоўная магчымасць прымяніць свае выбітныя здольнасці. Але вы ўжо сутыкаліся з маімі метадамі ў справе Джэферсана Хоўпа.
– Канечне, сутыкаўся, – сказаў я, памякчэўшы. – Нішто ў свеце так мяне не ўражвала. Я нават апісаў гэтую гісторыю ў невялічкай кніжцы з трохі вычварнай назвай «Эцюд у пунсовым».
Холмс сумна кіўнуў.
– Я прагледзеў яе, – сказаў ён, – і, шчыра кажучы, не магу вас з яе выхадам павіншаваць. Расследаванне злачынстваў мусіць быць дакладнай навукай, і апісваць яго варта стрымана і без эмоцыяў. Вы ж паспрабавалі дадаць туды рамантычнага флёру. З тым жа поспехам можна ўпрыгожыць пяты пастулат Эўкліда* любоўнай гісторыяй ці сцэнай таемных уцёкаў.