Светлый фон

Найбольш відавочны дзелавы, эканамічны крах сям’і. Стары Ёган Будэнброк, прадстаўнік самага старэйшага пакалення, яшчэ можа адчуваць задавальненне ад сваёй камерцыйнай дзейнасці: паміраючы, ён пакідае квітнеючую фірму і багацце, дзеля прымнажэння якога ўсё жыццё «працаваў не шкадуючы сіл». Пасля яго смерці значная частка капіталу была страчана, і не толькі па аб’ектыўных прычынах – у якасці пасагу і іншых выплат, але і з-за нежадання новага гаспадара, консула Будэнброка, весці смелыя, рызыкоўныя аперацыі. Яго сын Томас Будэнброк, які славіўся ў горадзе як «чалавек дзейны», спачатку сапраўды паспрыяў пэўнаму ўздыму фірмы, але ў хуткім часе справы пачынаюць рухацца гэткім «панурым тэмпам», што становяцца прадметам плётак. «Удачы і поспехі ў мінулым», «капеечныя абарачэнні» і «мізэрная эканомія» не могуць паправіць становішча. Фірма апынулася на ўзбочыне прадпрымальніцтва, а пасля смерці Томаса Будэнброка была ліквідавана.

Эканамічны заняпад суправаджаецца, аднак, ростам грамадскага аўтарытэту, праўда, аўтарытэту не ўсёй сям’і, а толькі старэйшага ў ёй – Томаса Будэнброка. У той час як яго брат Хрысціян, гэты «блудны сын», «вырадак, нарыў на целе сям’і», кампраметуе сваякоў, ды і Тоні, бясконца адданая традыцыям, пакідае сваімі шлюбамі «плямы» на рэпутацыі сям’і, сам Томас Будэнброк абіраецца гараджанамі ў сенат. Але і яго аўтарытэт з самага пачатку не абяцае быць трывалым і працяглым, бо грунтуецца на хісткім эканамічным падмурку.

Пісьменнік уважліва даследуе і біялагічны аспект выраджэння Будэнброкаў. Гэты бок гісторыі з цягам раманнага часу займае ўсё большае месца. Па сутнасці, толькі першым Будэнброкам наканавана было памерці ад старасці. Смерць консула ўжо насцярожвае: надта раптоўнай яна была. Доўга, у жахлівых пакутах памірае консульша. Працэс згасання жыцця ў ёй паказаны Т. Манам ва ўсіх падрабязнасцях, амаль натуралістычна. Дэталёваму адлюстраванню тых ці іншых анамалій, хвароб і смерцяў аўтар будзе надаваць усё большае значэнне. Рана памірае сястра Томаса – рэлігійная Клара. Дзіўнай падаецца гараджанам смерць Томаса: «Ад зуба… сенатар Будэнброк памёр ад зуба… Але, чорт вазьмі, ад гэтага ж не паміраюць!»[3] Нарэшце, тыф забірае жыццё маленькага Ёгана, кволага і хваравітага ад нараджэння. Смерць гэтага апошняга Будэнброка нібы прадвызначана лёсам і не мае альтэрнатывы. Артыстычны, бязмежна ўлюбёны ў музыку, шчодра адораны ад прыроды, ён адчувае, як «балюча раніць хараство», як прыгажосць пазбаўляе чалавека «прыдатнасці да звычайнага існавання». Яго не пакідае думка, што «невыносны цяжар ад першых дзён жыцця гняце яго душу і аднойчы канчаткова яе прыдушыць»[4]. «Мне хочацца памерці… – прызнаецца хлопчык. – Пастар сказаў камусьці, што на мне трэба паставіць крыж, я са звыроднай сям’і…»[5] Не па ўзросце рана ён пачынае ўсведамляць сябе не толькі сведкам «разлому, распаду і тлену», але і самай уразлівай, самай слабай часткай таго свету, які рухаецца да свайго няўмольнага і непазбежнага канца.