— Прачынайся, — прашаптала Іра на вуха Дзянісу.
Ён ляжаў на спіне, скрыжаваўшы пад грудзьмі рукі, і, крыху прыадчыніўшы рот, нагадваючы ў такім стане егіпецкую мумію. Голас Іры прагучаў у яго сонным розуме скажоным воклічам, глухім рэхам з фамільнага склепа якога-небудзь старажытнага роду, невыразным гукам з гнілой пашчы зомбі, ці яшчэ ў выглядзе якогасьці бязглуздага трызнення.
— Ну прачынайся ўжо, — сказала яна і пацалавала Дзяніса ў няголеную шчаку.
Адчуўшы пяшчотны дотык, Дзяніс абудзіўся, імгненна пралупіў вочы і ўбачыў перад сабой, абвеянае сонечнымі прамянямі, светлае аблічча дзяўчыны.
— Хопіць спаць, ужо дванаццаць гадзін, — прагучаў знаёмы голас і Дзяніс усміхнуўся.
“Значыць мерцвякі, што вылазілі з могілак і ўся астатняя набрыдзь — усяго толькі страшны сон?” — падумаў ён і ўрэшце гугнява вымавіў:
— Іра, гэта ты?
— А хто яшчэ тут павінен быць? — здзіўлена спытала яна.
Замест адказу Дзяніс прыпадняўся, каб пацалаваць яе.
— О, толькі не ўздумай гэтага рабіць, у цябе з рота благі подых.
— А ў самой?
— Няпраўда, я даўно паднялася і пачысціла зубы.
— Як звычайна, няўдачнік сярод нас выключна адзін…
Яна млява засмяялася, паклала яму на грудзі галаву, і доўгія пасмы яе натуральных рыжых валасоў прыемна рассыпаліся па яго целе.
— Сняданак у мікрахвалеўцы. Мыйся, еш і вымятайся адсюль прэч.
— Ага, зноў пачынаецца? Добра.
Ён паспрабаваў падняцца, аднак Іра моцна ўчапілася за яго рукамі.
— Які нахабнік! Ты сапраўды разлічваў вось так проста ад мяне пазбавіцца? — гулліва сказала яна і спрытна асядлала Дзяніса.