— Не-а… Ведаю толькі, што твае брудныя шкарпэткі ў ванне. Паспрабуй паглядзець пад канапай.
Ён зірнуў туды і, нічога там не знайшоўшы, адчайна пачаў насіцца па пакоі. Калі адказная місія не скончылася аніякім поспехам, разгублены Дзяніс сеў на канапу, і паспрабаваў у думках храналагічна спарадкаваць рэшткі ўчорашняй прэлюдыі, але так і не ўспомніў, дзе падзеў трусы.
— А пад падушкай глядзеў?
— Чаго ім там рабіць?! — абурыўся ён і адначасова засунуў руку пад падушку.
Так і ёсць — трусы аказаліся менавіта там. Адчуўшы на сваёй патыліцы дакорлівы позірк, Дзяніс зрабіў непрадузяты выгляд і безуважна нацягнуў на сябе сямейнікі. Іра пачала засцілаць канапу.
Такім чынам яны праводзілі час, калі кватэра вызвалялася ад прысутнасці яе бацькоў. Яна тэлефанавала Дзянісу — ён прыходзіў. Потым яны елі што-небудзь смачнае, глядзелі па кампутары які-небудзь цікавы фільм (на ўсё гэта адводзілася не больш двух гадзін) ну а далей — па поўнай праграме: сюррэалістычны сэкс з усімі акалічнасцямі.
Быў сонечны жнівень, пачатак тыдня, калі канкрэтна — аўторак, які выразна прадвесціў, што праз дзесяць-пятнаццаць хвілін Дзяніс будзе стаяць на прыпынку. Таму, апрануўшы на сябе ўсё астатняе, ён зайшоў на кухню. Зірнуў у авальнае люстра, што вісела за лядоўняй — твар быў крыху прыпухлы, а галава з кароткімі валасамі нагадвала пляскаты шарык для настольнага тэнісу. У мікрахвалеўцы ён адшукаў порцыю макарон з даволі апетытнай сасіскай і, праглынуўшы свой сняданак ледзьве не за адзін засед, перайшоў у ванны пакой, нават не дапіўшы гарбаты. У ваннай ён здзейсніў абрад мыцця, начапіў на сябе ўчорашнія шкарпэткі і, як звычайна, выкарыстаў парфуму Ірынага бацькі, хаця загадзя ведаў, што яна не будзе ад гэтага ў захапленні. Урэшце гатовы, Дзяніс выйшаў у калідор.
Іра стаяла каля люстэрка і расчэсвала свае ці то медныя, ці то залатыя валасы. Малінавы сарафан так вабна абцягваў яе цела, што ён проста не змог утрымацца, каб не падысці да яе ззаду і, пажадліва да сябе прытуліўшы, шчыра ёй прызнацца:
— Божа, якая ты прыгожая.
— І без цябе ведаю, — заклапочаная прыхарошваннем, фанабэрыста вымавіла яна. — Лепш абувайся і глядзі, не ўздумай пакінуць навідавоку якую-небудзь брутальную рэч.
— Ты яшчэ доўга будзеш папракаць мяне гэтым?
— Кожны раз, бо толькі ты мог дадумацца пакласці на тумбачку з тэлефонам пачак скарыстаных прэзерватываў.
— Я хацеў яго забраць…
— …і забраць, вядома, забыўся, — закончыла яна за Дзяніса. — Бачыў бы ты потым твары маіх бацькоў…
Дзяніс вінавата паціснуў плячыма і хутка абуў красоўкі. Калі ўсё было гатова да адпраўлення, яны паглядзеліся ў люстэрка, усміхнуліся адзін аднаму і выйшлі за дзверы.