Ольгерд Бахаревич Тэатр шчасьлівых дзяцей
Ольгерд Бахаревич
Тэатр шчасьлівых дзяцей
© Бахарэвіч А. І., 2021
Разьдзел першы
Разьдзел першы
І тут дзьверы адчыніліся.
«Вы чаго расшумеліся? – спытаў Кабінет Кабінетавіч, выходзячы са свайго цёмнага кабінета. – Толькі і чуваць, што вашыя дзікія крыкі».
І ён паглядзеў сваімі кабінетнымі вачыма спачатку на мяне, потым на Анціка. Але на мяне ўсё-ткі больш строга.
«Нейкія малпы, а ня дзеці», – сказаў Кабінет Кабінетавіч і павярнуўся, каб зноў схавацца ў сваім пакоі.
«Проста нам нудна», – нечакана сказаў гучным голасам Анцік. Мне ажно сорамна за яго зрабілася.
«Што? Нудна? Вам?»
Кабінет Кабінетавіч і праўда быў зьдзіўлены. І трошкі пакрыўджаны. Быццам глядзець на зачыненыя дзьверы ягонага кабінета было найлепшай забавай, якую можна сабе ўявіць.
«Так, нудна, – сказала Юля, выпаўзаючы з-пад канапы. – Нам нудна, і сумна, і нецікава, а яшчэ маркотна і тужліва. І яшчэ… І яшчэ журботна, вось».
Трымаючыся за ручку дзьвярэй, Кабінет Кабінетавіч разгублена абвёў нас вачыма. Спачатку мяне, потым Анціка, а потым Юлю. Аднак на Юлю чамусьці ён паглядзеў больш разгублена.
«Але ў вас ёсьць гэтыя вашы… – Кабінет Кабінетавіч задумаўся. – Гаджэты. Пляншэты. Тэлефоны. Кампутарныя гульні. Цацкі. Мульцікі. Вы можаце сядзець за імі хоць да ночы. Я вам дазваляю. Рабіце ўсё што заўгодна, дзеці. Толькі не шуміце так. Галава ад вас баліць. А ў мяне яшчэ столькі працы».
І ён зноў павярнуўся, каб сысьці ў свой цёмны кабінет, пасярод якога сьвяціўся экран ноўтбука.
«А вось чаму, калі крычыш, у дарослых баліць галава?» – спытала Юля і чхнула. Нос у яе быў брудны, а на каленях чарнелі плямы ад пылу.
Кабінет Кабінетавіч агаломшана спыніўся на парозе і абярнуўся.
«Чаму? Як гэта чаму?»