Светлый фон

«А давайце расказваць страшныя гісторыі, – сказаў Анцік. – Лявон, маеш чыпсы?»

«Якія ж страшныя гісторыі, калі чыпсы», – сказала Юля.

«А што?»

«Са страшнымі гісторыямі лепш за ўсё есьці сухарыкі», – патлумачыла Юля.

«Гэта яшчэ чаму?» – спытаў Анцік.

«Чыпсаў няма, – сказаў я. – І сухароў таксама. Ёсьць семкі».

«А давайце выцягнем Кабінетавіча зь яго нары. Выцягнем і паглядзім, што ён там піша, – прапанавала Юля. – Я пайду схаваюся ў кухні і закрычу дзікім голасам. Як быццам мяне на кавалкі рэжуць. Кабінетавіч выйдзе паглядзець, пабяжыць на крык, а вы хутка скінеце на флэшку ягоную пісаніну і…»

«Не, – цьвёрда сказаў я. – Лепш ужо семкі».

«Добра, тады давайце гуляць у…»

І тут ва ўсёй кватэры раптам згасла сьвятло.

«У-у-у», – працяжна і радасна прагулі Анцік і Юля. А ў мяне аж сэрца ёкнула. Праўду мама кажа: я празьмерна ўразьлівы. Мо й добра, што ў пакоі зрабілася цёмна, хоць вока выкалі. Бо ні Анцік, ні Юля ня бачылі, як я здрыгануўся, калі ўсе лямпы раптам патухлі. І рукі ў мяне таксама задрыжалі, і пад сэрцам недзе заныла.

«Пробкі выбіла, – сказаў я важным голасам, каб яны не падумалі абы-чаго. – Пайду паглядзець. Хто са мной?»

Я баяўся, што яны не захочуць і давядзецца ісьці самому. Але яны дружна саскочылі з канапы. Мы пайшлі ў калідор, я намацаў у замку ключ і мы выйшлі на лесьвічную пляцоўку. Там таксама было зусім цёмна – толькі месяц у акенцы над сьмецьцеправодам кідаў слабы водбліск на мутнае шкло. Недзе далёка грымнула навальніца. Увесь пад’езд быццам ператварыўся раптам у глыбокі і гулкі цёмны калодзеж, і недзе ўсярэдзіне стаялі мы, натыкаючыся адно на аднога, як сьляпыя. Мне нават падалося, што пад нагамі ў нас булькае. Хоць гэта проста з даху вада лілася па вадасьцёках.

«Не, гэта ня пробкі, – сказаў я. – Ва ўсім доме сьвятло вырубілася. Трэба сьвечкі запальваць».

Мы вярнуліся ў кватэру і ў густым змроку чарадой прайшлі на кухню. Я чуў, як у цемры гучна дыхаюць Анцік і Юля, і зразумеў, што ім таксама трохі вусьцішна. Адчыніўшы шафу на сьцяне, я пашукаў пальцамі па паліцы. Знайшоў сьвечкі, запалкі – і вось мы ўжо прабіраліся па калідоры, цікуючы за ўласнымі ценямі, што краліся ўздоўж сьценаў, як нейкія злавесныя манахі ў капюшонах.

«А як жа Кабінет Кабінетавіч?» – спытаў Анцік.

«І праўда, чаму ён не выходзіць?» – шапнуў я ўстрывожана, захінаючы далоняй агеньчык у маіх руках, каб ня згас.

«Можа, баіцца?» – сказаў Анцік.

«Ты што, ён жа дарослы, – сказала Юля. – У яго ноўтбук добра зараджаны, таму ён нічога і не заўважыў. Усё працуе, бедненькі. Давайце яго паклічам і скажам, што сьвятла няма».