Светлый фон

І вось мы маўчалі, маўчалі, маўчалі… Але хутка Юля ня вытрымала і як пырсьне сьлінай – проста на Анціка. Я таксама ня вытрымаў і зарагатаў, Юля за мной, а потым і Анцік ажно завыў ад сьмеху, як паранены воўк. З пакоя, дзе сядзеў Кабінет Кабінетавіч, пачулася пагрозьлівае рыпеньне. Я заціснуў Анціку рот, а Юля зноў папаўзла пад канапу, каб там удосталь насьмяяцца.

«А твае бацькі калі вернуцца?» – спытаў Анцік, аддыхаўшыся, калі я прыбраў руку.

«Толькі заўтра ўвечары, – сказаў я. – Яны паехалі за горад, на лецішча да мамінага шэфа. Але там сабакі, а ў мяне на іх алергія».

«А Кабінет Кабінетавіч? Ён хто?»

«Гэта сябар майго таты,» – нерашуча сказаў я.

Таму што ніколі раней пра яго ня чуў.

* * *

Кабінет Кабінетавіч зьявіўся ў нас сёньня пасьля абеду. Мама і тата папрасілі яго пабыць са мной, пакуль яны будуць у ад’езьдзе. Згорбіўшыся, не здымаючы свайго чорнага, мокрага плашча, ён увайшоў у нашу кватэру, падазрона паглядзеў на мяне, прайшоўся па пакоях, зазірнуў у прыбіральню, адсунуў фіранку ў спальні…

«Цеснавата… А мне патрэбны кабінет, – сказаў ён, смурна разглядваючы мой стол, на якім валяліся кніжкі, алоўкі, выразаныя з часопісаў фоткі і фішкі з настольных гульняў. – У мяне шмат працы. У людзей маёй прафэсіі не бывае выходных. Але…»

Ён паглядзеў на мяне і пакруціў сваёй вялікай сівой галавой.

«Але?..» – з надзеяй спытала мама.

«Але калі ў мяне будзе свой кабінет, я, магчыма, змагу тут застацца. І паглядзець за вашым… Хм, сынам».

«Можаш працаваць у спальні, – сказаў тата. – Ніякіх праблем. Вось стол, вось крэсла».

«Лявон спакойны і выхаваны хлопчык, – сказала мама, якая ўжо даўно нафарбавалася. – Да яго сёньня прыйдуць сябры. Яны жывуць у суседнім доме. Праўда, Лявон? Ты ж чакаеш Анціка і Юлю? Дзеці будуць гуляць у сваім пакоі, а вы спакойна папрацуеце ў спальні. Лічыце яе сваім кабінэтам. Вячэра ў лядоўні, абед на заўтра таксама. У нас мікрахвалёвая печка, Лявон умее зь ёй абыходзіцца. Ён зусім самастойны хлопец».

«Што ж, – сказаў Кабінет Кабінетавіч. – Спадзяюся, ён і праўда такі. І мне ня трэба будзе выціраць яму соплі, мазаць яго зялёнкай ці вучыць чысьціць зубы».

«А чым вы займаецеся?» – спытала мама.

«Ён піша раман», – сказаў тата, а Кабінет Кабінетавіч чамусьці пачырванеў і схаваўся ў ванным пакоі.

«Калі захочаце пакурыць, то на бальконе ёсьць попельніца», – гучна сказала яму мама і паціснула плячыма. Я так і не зразумеў, чаму яна гэта сказала. Але Кабінет Кабінетавіч зь незадаволеным выглядам зноў зьявіўся ў калідоры. Мае бацькі не курылі, але часам да іх прыходзілі госьці. Некаторыя любілі падыміць на бальконе, і тады ў кватэру немінуча пракрадаўся пах цыгарэт: непрыемны і чужы. І я засынаў з гэтым пахам – быццам сам начаваў у гасьцях.