Ракетка спрытна лётала ў Паўлавых руках, а Валя зноў і зноў з трывогай заўважала, што Павел робіць больш, чым раней, памылак, што ягоныя ўдары страцілі звычайную дакладнасць. Яна лёгка разгадвала Паўлавы камбінацыі і выігравала адно ачко за другім. Прайграўшы тры сеты ўзапар, Павел схіліўся ў паклоне перад Валяй:
— Прызнаю, о, непераможная, сваю адсталасць…
— Калі думкі тэнісіста лунаюць па-за кортам, яму цяжка разлічваць на поспех, — у тон яму адказала Валя, чакаючы, што Павел зразумее намёк і раскажа пра свае клопаты.
Павел прамаўчаў.
Трыбуны гіганцкай чашы Цэнтральнага стадыёна, поўныя гледачоў, у захапленні гудзелі. Гадоў трыццаць таму назад мнагаборства лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Потым мнагаборства зрабілася і спортам юных.
У фінальных спаборніцтвах удзельнічала дваццаць хлопчыкаў ва ўзросце да пятнаццаці год. Моцныя, рослыя, яны паказвалі выдатныя вынікі. Гэта і выклікала такое бурнае захапленне на трыбунах.
Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы чэмпіёна. Ён лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца, а праз чвэрць гадзіны пераскочыў планку на вышыні два метры і дваццаць сантыметраў. Не паспелі сціхнуць апладысменты, як фотаэлектронны суддзя зычным голасам абвясціў, што ўзята новая вышыня. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў рэкорд рэспублікі.
Паводле звычаю, пераможца ўзняўся на п’едэстал пашаны і пакланіўся ўсім чатыром трыбунам. Спецыяльныя праекцыйныя ліхтары павялічылі адлюстраванне яго фігуры ў некалькі разоў, і Павел пазнаў чэміпіёна. Гэта быў Валін брат, васьмікласнік Віця Асадчы. Павел ведаў, што Віця таленавіты матэматык. Але што ён цудоўны спартсмен — гэта было прыемнае адкрыццё.
Пасля спаборніцтваў Віця сустрэў Паўла і Валю. Дамоў вярталіся ўтраіх.
Ад ранішняга дажджу не засталося і следу. Вечар быў цёплы, ціхі, напоўнены духмяным пахам ранніх кветак, якія ўжо цвілі на клумбах. Узбуджаны Віця весела ўсіпамінаў пра розныя выпадкі, што здарыліся ў час спаборніцтва. Павел і Валя, занятыя сваімі думкамі, зрэдку падтаквалі.
Нарэшце Валя спытала:
— Паўлік, раскажы, навошта спатрэбілася табе сёння чытаць старыя газеты?
II
IIЯны спыніліся ля Валінага дома. Павел прыхіліўся да дрэва, зірнуў угару. Скрозь густую крону таполі амаль не было відаць неба. Нарэшце скрозь галінкі прабіўся дрыготкі блакітны праменьчык — вестка нейкага далёкага свету. Зорка… Падумалася, — а можа гэта адтуль прыляталі тыя, хто пакінуў неразгаданыя сляды на нашай зямлі?
— Ну! — Валя дакранулася да Паўлавай рукі. — Ты чуў, пра што я пыталася?