Дзівачка! Хіба ён можа не чуць, калі яна гаворыць? Чуў. Але цяжка расказваць, калі табе самому яшчэ многае няясна і гэтая няяснасць хвалюе цябе.
— Проста не ведаю, з чаго пачаць, гэта вельмі доўга.
— А нам няма куды спяшацца, — Віця сеў на лаўку.
— Дзецям спаць пара! — незадаволена прабурчэла Валя.
— Во яшчэ, — Віця ямчэй умасціўся на лаўцы.
Павел падміргнуў Валі, маўляў, блазнюк, не разумее. Але яму Віця цяпер не перашкаджаў. Няхай паслухае.
Павел быў чалавекам з той фантазіяй, якая памагае абагульняць з’явы, бачыць факты больш поўна і глыбока і, урэшце, прыводзіць да навуковых адкрыццяў. Таму яго нават у звычайных умовах не маглі не зацікавіць гіпотэзы аб касмічных гасцях Зямлі. А цяпер у яго паявілася яшчэ і зацікаўленасць касманаўта.
Валіна пытанне нават прынесла Паўлу палёгку. Нарэшце ён зможа падзяліцца сваімі хай яшчэ неакрэсленымі думкамі.
— Можа, гэта гучыць недарэчна ў наш час, але мы, людзі, якія навучыліся будаваць найскладанейшыя машыны, пазналі шматлікія таямніцы прыроды, не можам растлумачыць зусім простых з’яў… Гэтыя з’явы здаваліся яшчэ больш незразумелымі людзям пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Вось і прыдумалі амаль фантастычныя гіпотэзы пра гасцей з космасу. Гіпотэзы гэтыя былі смелыя да неверагоднасці і грунтаваліся больш на здагадках, чым на навуковых аксіёмах. Канешне, крытыкаваць іх было лёгка, бо яны проста не вытрымлівалі крытыкі. Гэта і дало магчымасць хутка іх пахаваць. А мне яны нечым спадабаліся. Вось паслухайце і скажыце, як вы разумееце?
У гарах Антылівана знаходзіцца цудоўная Баальбекская веранда. Хутчэй, гэта не веранда, а пляцоўка ў некалькі квадратных кіламетраў. Яна забрукавана вялізнымі каменнымі гладка апрацаванымі плітамі. Само па сабе гэта не дзіўна. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Але Баальбек здзіўляе. Ён будаваўся многа раней, і калі ў пірамідах пліты важаць па дзве-тры тоны, то там — да дзвюх тысяч тон кожная.
Ніводзін гісторык не сказаў пакуль што, калі іменна пабудавана Баальбекская веранда і з якой мэтай. Людзі ведаюць яе з таго часу, як помняць сябе. I тут напрошваюцца пытанні: ці маглі будаваць нашы старажытныя продкі такое тэхнічна дасканалае цуда, ды і навошта? Нашы продкі, якія, як вядома, былі людзі практычныя, самі наўрад ці будавалі б такую махіну, бо патрэбы ў ёй не было. Дык падумайце, ці нельга зрабіць іншы вывад? А што, калі гэта была стартавая пляцоўка для касмічнага карабля, які прыляцеў на нашу Зямлю?
I ў Балівіі былі знойдзены не менш цікавыя старажытныя помнікі. Ля вытокаў Амазонкі блізка ад Ціагунака выяўлены рэшткі вялікага недабудаванага горада. Дамы, храмы, умацаванні складзены з буйных каменняў і блокаў, якія важаць дзесяткі тон. I вось адна істотная акалічнасць. Горад будаваўся ў гарах на вышыні чатыры тысячы метраў. Якім чынам дастаўляліся сюды будаўнічыя матэрыялы знізу! Легенда інкаў расказвае, што будавалі яго белыя барадатыя людзі, якія ўцяклі потым у час паводкі на лодках, пакінуўшы будаўніцтва незакончаным, і больш ужо не вярталіся сюды. Вучоныя лічаць, што гэтаму гораду каля пятнаццаці тысяч год.