Светлый фон

Грувасткую, на паўстала, кардонную тэчку прынесла Элена Дэніэлсан, кіраўніца сховішча. Пад цісьнёным арнамэнтам на вокладцы подпіс: «Гербэрту Гувэру — IV.VII.МСМХХІ — дзеці Берасьцейска-Пінскага раёну». Усярэдзіне — лісты кіраўніку амэрыканскае праграмы дапамогі галоднай Эўропе. На вялікіх аркушах ватману — групавыя фатаграфіі, словы падзякі й прывітаньня, старанна выпісаныя й размаляваныя загалоўкі; тэксты пераважна па-польску, зрэдку па-расейску:

 

Изъ Бреста над Бугом дѣтям Америки дальней

Русская Школа шлет благодарный привѣт!

 

Дата — 1921. Я пачынаю чытаць подпісы — і бачу прозьвішчы маіх берасьцейскіх аднаклясьнікаў, зь якімі я вучыўся паўстагодзьдзя пазьней: Андраюкі, Нікіцюкі, Пятровічы, Вайцюкі, Навумікі, Кулікі, Ляхі, Крэйбіхі, Дземчукі, Супрунюкі, Шошчыцы, Грыцукі, Кавальчукі…

І раптам — маё прозьвішча. І яшчэ раз, і зноў — раскіданыя па ўсім пэрымэтры, з рознымі ініцыяламі — А., М., Г., зноўку А. — Лукашук шэсьць разоў!

Лукашук

Матавыя абрысы мінулага становяцца рэльефна аб’ёмістымі, як яблык у кішэні.

У 2000 годзе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода вырашыла здаць свае архівы за паўстагодзьдзя працы на захаваньне ў Гувэраўскі інстытут у Каліфорніі. Адначасова сям’я заможнага бізнэсмэна, калекцыянэра мастацтва й філянтропа Бэрнарда Ошэра ўсталявала стыпэндыю для дасьледнікаў з Радыё дзеля працы ў Гувэраўскім інстытуце. Стаць першым гувэраўскім дасьледнікам выпала мне, і тры месяцы, ад верасьня да сьнежня 2000-га, я прыходзіў як на працу ў Гувэраўскую вежу, якая ўзвышаецца над Стэнфардзкім унівэрсытэтам.

 

Гербэрт Гувэр уратаваў ад галоднай сьмерці каля 20 мільёнаў чалавек — больш за ўсіх у гісторыі чалавецтва.

 

На вяршыні вежы месьціцца мэмарыяльны працоўны кабінэт 34-га прэзыдэнта ЗША, а ўнізе — офісы, музэйная экспазыцыя, бібліятэка й падземнае сховішча — найбуйнейшая ў сьвеце калекцыя архіваў былога СССР і прылеглых тэрыторыяў.

Інжынэр Гербэрт Гувэр зарабіў свае першыя мільёны даляраў напачатку XX стагодзьдзя ў геалёгіі. Перад тым як стаць прэзыдэнтам ЗША ў 1928 годзе, Гувэр ратаваў амэрыканцаў, якіх першая ўсясьветная вайна засьпела ў Эўропе бяз грошай і прытулку, карміў галодных — спачатку ў Бэльгіі, а пасьля ва ўсёй зруйнаванай вайной Эўропе, зьбіраў першыя камуністычныя газэты й антыкамуністычныя ўлёткі, затым на просьбу прэзыдэнта Ўілсана ўзначаліў міністэрства гандлю ЗША.

У 1919 годзе арганізацыя, утвораная з ініцыятывы Гувэра — American Relief Administration (Амэрыканская адміністрацыя дапамогі)[1], у скароце АРА, — пачала дапамогу Польшчы. Калі ў 1921 годзе ў савецкай Расеі пачаўся голад, Гувэр, нягледзячы на супраціў бальшавікоў, дамогся права ратаваць ахвяры ў Расеі, Украіне й Беларусі.