Подзьвіг Гувэра ня меў прэцэдэнтаў. У 1914–1924 гадох пад ягоным кіраўніцтвам разьмеркавана ў Эўропе больш за 33 мільёны 841 тысячу тон дапамогі коштам больш за 5 мільярдаў 234 мільёны даляраў. Гэта было зроблена ва ўмовах вайны й разбурэньня, калі ўрады старых і новых дзяржаваў былі засяроджаныя на сваіх унутраных праблемах.
Невядомыя мне сваякі альбо цёзкі па прозьвішчы атрымлівалі амэрыканскую дапамогу ад 1919 да 1922 году, пакуль АРА не спыніла дзейнасьць у тагачаснай Польшчы. Ад 1922 году АРА пачала апэрацыі ў падсавецкай Беларусі — Менску й шасьці паветах, з насельніцтвам менш за 2 мільёны чалавек. Асобныя прадстаўніцтвы АРА былі адкрытыя ў Гомелі й Віцебску, якія тады адміністрацыйна належалі РСФСР. Разам у трох беларускіх акругах АРА жыло каля 7 мільёнаў чалавек.
Амэрыканскі рыс, муку й малако атрымлівалі Янка Купала, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімер Пічэта, Язэп Лёсік, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Зьміцер Жылуновіч, Уладзіслаў Галубок, Лідзія Ржэцкая, Сьцяпан Некрашэвіч… Марна было шукаць згадкі пра гэты ўклад амэрыканскага народу ў беларускую культуру й навуку ў гістарычных энцыкляпэдыях, манаграфіях і падручніках XX стагодзьдзя.
Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году АРА ігнаруе, а ў 1996-м у артыкуле «АРА» Беларуская энцыкляпэдыя піша:
Адзіны праўдзівы сказ — найкарацейшы, пра Гербэрта Гувэра. Астатнія чатыры — недакладнасьці, замоўчваньні й хлусьня.
Гісторыю АРА пісалі самі араўцы. Гаралд Фішэр узначальваў гістарычны аддзел арганізацыі і ў 1927 годзе выдаў кнігу «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923». Аднак Беларусі там адведзеныя пяць з паловай старонак — зь пяцісот. Асобныя дасьледаваньні прысьвечаныя дзейнасьці АРА ў Польшчы, дзе імем Гувэра названыя пляцы, пастаўлены помнік. Першае дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі зьявілася таксама ў ЗША. У 1978 годзе студэнтка Прынстанскага ўнівэрсытэту Алеся Кіпель прысьвяціла гэтай тэме дыплёмную працу й надрукавала артыкул у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.