Юнакі накіраваліся да выхаду, прафесар вёў іх позіркам, і калі дзверы адчыніліся, ён кашлянуў:
– Прабачце, яшчэ адзін момант. Непрыемны па факце.
Юнакі крутнуліся, насцярожаныя.
– Такія справы, – Мархель вінавата паглядзеў у твар кожнаму. – Аспірантура на наступны год дала мне адно месца. Колькі я ні выпрошваў, колькі ні патрабаваў, колькі ні даказваў. Фінансаванне скарацілі, і чакаецца, што яно будзе ўрэзанае яшчэ больш, бо ж… Бо ж гэтыя палітычныя гульні ў дэмакратыю выцягваюць з гэтай жабрацкай краіны апошнія сокі! – не ўтрымаўся, але ж не закрычаў, адно засіпеў ад злосці прафесар. – Прабачце за эмоцыі, – спыніў ён сябе. – Нават на абурэнне мы цяпер права не маем. Хрысцік… вам забяспечана месца. А за вас, Галоўчык, я буду змагацца, абяцаю…
Мархель кіўнуў галавой, даючы зразумець хлопцам, што размова скончаная. Яны выйшлі, асцярожна прычынілі за сабой дзверы. Доўгім гулкім калідорам універсітэта з запыленай ляпнінай на карнізах яны ішлі моўчкі, пераварваючы пачутае. Пяць гадоў ва ўніверсітэце, магістратура, разам паўсюдна, і атрымліваецца: адзін плыве далей, другі застаецца на беразе.
Высокія уваходныя дзверы будынка натужліва рыпнулі. На вуліцы ішоў невялікі снег.
– Ну, шчасліўчык, далей нам не па дарозе? – з горыччу выціснуў з сябе Даніла, укладаючы куды больш сэнсу ў сказанае, чым толькі тое, што зараз Мацвею ехаць на сустрэчы з пяцікурсніцай Маргарытай (ці Марго, як называлі яе ў вочы і за вочы).
– А? – адгукнуўся Мацвей, вынырваючы са свайго ці не заўсёднага задумення. – Ага, я паеду… Марго абяцала сёння сустрэцца, – дадаў ён вінавата.
– Ды едзь, мне што… хіба я супраць? – быццам абыякава паціснуў плячыма Даніла, а горыч прабілася не ў словах, а ў паўзах. – Сёння твой дзень, сышліся зоркі! Месца ў аспірантуры атрымаў, намалёўваецца перспектыва стаць зяцем акадэміка. Не жыццё – талерачка з маслам.
– Ай, кінь, – усміхнуўся дабрадушна Мацвей. – Марго… Мабыць, я не падыходжу да іх сям’і. Яны ж там – інтэлігенты ў пятым калені, а мы з табой – з сямей простых, з райцэнтраў правінцыйных.
– І яна цябе распытвала пра твой радавод? – з іроніяй пацікавіўся Даніла.
– Пытала, канешне, і пра сваіх з гонарам казала… А я са сваіх усяго дзядоў ведаю, прыкра было, – згадаў Мацвей. – Пра прадзедаў і не пытаўся ў маці… Ну, я пабег…
Хлопцы падышлі да метро. Мацвей махнуў рукой, паправіў заплечнік і подбегам спусціўся па прыступках. Даніла глядзеў яму ўслед і міжволі сківіцы яго сціснуліся, ўздрыгвалі жаўлакі. Яму было не тое што крыўдна – ён у нейкі момант здрыгануўся ад думкі, што гатовы кінуцца ўслед за сябрам і спіхнуць яго з платформы пад цягнік.