Светлый фон

– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?

– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.

– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.

– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прыжмурыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.

– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?

– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава усміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?

– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!

– Ого! Сапраўды? А праз што?

– Праз каго… Мне мой сябар лепшы урабіў.

– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.

– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…

– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.

– Што чакаць? – напружыўся Даніла, адставіў убок шклянку.

– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая адзнака ў атэстаце – яе. Ды то не бяда. З такой пагардай яна глядзела на мяне, як на чарвяка. Пры ўсіх была сказала, маўляў, з такога калгасніка як я, выйдзе адно калгаснік з дыпломам. Нічога, некалі я дакажу ёй…

– Дык вы землякі з Мацвеем? – здзівіўся Даніла. – Год побач жывём, а не ведаў.

– Вось, ён нават і не прызнаецца… – скрывіўся Андрусь. – Навучыла маці, з кім знацца, кім грэбаваць. Землякі… Дзе яму каго бачыць? Ён жа – зорка! У ліцэі насіліся з ім, як з пісанай торбай. Што ты – на абласной алімпіядзе першае месца па матэматыцы, такі поспех. А далей і на рэспубліцы – другое. І штогод пасля ездзіў на ўсякія там канферэнцыі, семінары! – Андрусь пацягнуўся да бутэлькі, даліў сабе і Данілу піва.