Светлый фон

Міхась Андрасюк

 

 

 

 

ВУЛІЦА ДОБРАЙ НАДЗЕІ

ВУЛІЦА ДОБРАЙ НАДЗЕІ

Апавяданні

Граніца

Граніца

За граніцай лес, а за лесам — рускія. Лес. мкне да воблакаў стройнымі бярозамі, цягнецца вальшынай, шуміць соснамі. Абымшэлыя пні знікаюць у зялёнай чупрыне малінаў і крапівы. I ў гэтых расчохраных малінах, і ў пякучай крапіве напэўна сядзяць рускія ды, выструніўшы вушы, перасейваюць шум дрэваў, разгортваюць смольныя занавескі сасновых водараў, вылузваюць з ветру чалавечыя словы, а, можа, нават і думкі. Навошта — ніхто не ведае, але дакладна так ёсць. Бо чаму, падступаючы да лясной сцяны, старыя міжвольна сцішваюць голас, саслізгваюцца ў шэпт, а іх старыя жанкі засланяюць вусны далонямі і шныраць нямымі позіркамі ў густым кустоўі?

Часам у святочным застоллі, калі сівая самагонка вострыць словы дакладна так, як рамень вострыць брытву, а асёлка касу, развязваюцца іх языкі. I тады кажуць, што раней, пры іх маладой памяці, усё было іначай — дарогі не ўпіраліся ў калючы дрот, а вольнымі стужкамі праз Высокае, Валкастравец, Амелянец пралягалі за гарызонт, на край свету, а можа далей, і ніхто не бачыў тут ні граніцы, ні рускіх.

Дзеці — а іх няшмат тут — слухаючы размовы падпітых мужчынаў, заходзяцца ад смеху, трымаючыся за жываты, прысядаюць на кукішках. Самыя кемлівыя, каму прарочыцца будучыня ў афіцэрах, а нават і варшаўскіх міністрах, ляцяць кулём дадому. Вяртаюцца адтуль з тоўстымі кніжкамі або вялікімі мапамі і, разглядаючы запісаны на паперы парадак свету, тыркаюць іх пад нос старым, здзіўляюцца шчырым дзіцячым здзіўленнем: “Дзядзькі добрыя! Вы што, абалдзелі ці што? Такія краіны, вялікія і магутныя, не бадзяюцца от так сабе, ад няма чаго рабіць, з аднаго кутка свету ў другі. Рускія былі і ёсць усюды, як Бог”.

Сёння ніхто ўжо не ведае, чаму найвялікшая ў свеце імперыя дайшла да маленькай вёсачкі, якую называюць Вялікая Апака і, лізнуўшы задыханым языком стадолу Андрэя Саўчука, не схрумкала яе, не каўтнула, а спынілася, тут якраз размяжоўваючы свет на польскі і рускі?

Калі б запытаць прафесараў-гісторыкаў, вядома, скажуць пра Ялту і Патсдам, пра стомленыя, нявыспаныя вочы генералаў і прэзідэнтаў, пра доўгія разважанні — над мапай свету і паасобным чалавечым лёсам.

Усё так. Але граніца ляціць стралой ад Такароў, ад Вулькі, Гайкоў, адважна перасякае балоты, лясы і рэкі, і толькі за Вялікай Алакай завіваецца ў калена, на дзіва падобнае да цыбука тытунёвай люлькі Іосіфа Вісарыёнавіча. Абмінуўшы стадолу, выструньваецца і прамой лініяй збягае ў Белавежскую пушчу. I гэтае калена магічным клічам прыцягвае мяне сюды кожны год. Кажу