Светлый фон

— “еду ў грыбы”, але гэта няпраўда. Выязджаючы з Варшавы, чую, як шуміць пушча. Пакідаючы за спінай Беласток, уяўляю цёплыя вулачкі Мястэчка. А потым перасякаю іх, не затрымліваючыся, бо прапала тут шмат дарагога, і калі няма магчымасці вярнуць усё, няма таксама сэнсу шукаць паасобныя фрагменты.

Спыняюся на граніцы. Паласа стаіць знаёмым цыбуком, і чарговы раз уяўляю крамлёўскі кабінет, і бачу, як маскоўскімі вуліцамі прагульваецца летняе сонца, аднікуль у нікуды пераплывае гаманлівая рэчка машын і пешаходаў, але тоўстыя муры паспяхова стрымліваюць і гоман, і спёку. Гаспадар Крамля разглядае вялікую мапу на сцяне, а за тры крокі ззаду пераступае з нагі на нагу ўсхваляваны капітан.

— Опака? Гідэ эта Опака? Что такое там асобэннае, что товарішчам полякам хотіте падаріць?Іосіф Вісарыёнавіч пыхкае люлькай, адыходзіць ад мапы, чорныя вочы ўзіраюцца ў твар капітану Жлуктову. Ад такіх вачэй не схавацца і па другі бок зямнога паўшар’я, і пад зямлёй, і ў вадзе, і ў бяздонным блакіце нябёсаў, і капітан хвалюецца яшчэ больш. Губляюцца рускія словы, у халодныя абдымкі крамлёўскіх сценаў прарываецца родны, гомельскі акцэнт.

— Особенного нічого там няма. Маленькая дзярэўня, горка пасярэдзіне, — кажа капітан, а думкі ў галаве пырхаюць спалоханай птушкай: “Ну вось табе, падумае, барані Бог, перадражніваю, насміхаюся над яго пранонсам”.

Але генералісімус, здаецца, зацікаўлены якраз цалкам іншым.

— Горка і всё? Это какая такая “горка”? Как наш Кав-каз? А, можэт, даже выше?! — чорныя вочы надалей казычуць капітанскі твар куслівымі мурашкамі, а вось голас памякчэў, гучыць аксамітным тэмбрам. Аб цеплыні голасу Іосіфа Вісарыёнавіча, чуў нават самы маленькі смургаль у гэтай вялікай краіне, калі раз прынамсі пашчасціла яму завітаць у школу або папрысутнічаць на сходзе піянераў. I капітан Жлуктоў, афіцэр, вопытны ў франтавых справах, здагадваецца на ляту: бацька Сталін сёння ў дасканалым настроі. У іншым выпадку, у іншых абставінах на чарговае “Горка і всё?” сказаў бы капітан Жлуктоў звычаёвае “Так точна, товарышч Сталін”. А тут ён адзываецца зусім некарэктна:

— Есць яшчэ самагонка ў Апацы, таварыш Сталін.

— Самагонка? Харошая?

— Вельмі харошая. Добрая, — упэўнена адказвае Жлуктоў. Мабыць, з вуснаў усё яшчэ не вымыўся салодка-горкі, тыднёвай даўнасці прысмак збраджанага жыта, мабыць, у страўніку тлее пякучым агеньчыкам успамін пра Апаку і старога Іванюка...

Ішлі дружынай ад Вулькі, вызначалі граніцу. Жаўнеры цягнулі на спіне драўляныя слупы, лапаты, вінтоўкі. Зброя асабліва — самы неабходны і самы лепшы інструмент для абсталявання дзяржаўных граніц. Ва ўсялякі час і ва ўсякім месцы нашай планеты.