Светлый фон

Капітан крочыў на чале, зазіраў у мапу, час ад часу прыпыняўся, крэсліў абцасам крыжык на распаленай сонцам зямлі і казаў: «Тут». А жаўнеры забівалі слуп у прызначанае месца. Сонечны дыск узлазіў на найвышэйшы хрыбет летняга неба, калі напнуліся на двор Іванюка. Капітан абцёр пот, глянуў у мапу і, разгартаючы абцасам курынае лайно, — чамусьці тут яго было вельмі багата, — паставіў крыжык у прытаптанай траве. Якраз каля пня, на якім Іванюк кляпаў касу.

— Тут, — сказаў капітан і ўздыхнуў з палёгкай...

— Што “тут”? — не зразумеў Іванюк.

— Граніца тут пойдзе, таварыш селянін.

— Граніца? Якая граніца?

— Нармальная, дзяржаўная. Польска-савецкая.

— Ну, як? Між хатай і стадолай граніца? — Іванюк спыніў працу. Глядзеў на капітана і досведам мінулых пакаленняў прадчуваў, што за ваеннымі мундзірамі зноў прыходзіць штосьці чужое, незразумелае, пагрозлівае.

Ухіляючыся ад мужыцкіх вачэй, капітан яшчэ раз паглыбіўся ў таямнічую мапу.

— Та-ак! Складанасць. Жыць будзеш у Савецкім Саюзе, а па сена давядзецца хадзіць у Польшчу. Бо тут стане граніца — абцасам, разбітым на еўрапейскіх дарогах і бездарожжах, паўтарыў крыжык, паглыбіў, замацаваў яго на век вечны.

А Івашок глядзеў на мундзіры, якія апошнімі гадамі круціліся тут выпадковымі шкельцамі калейдаскопаў, заўсёды складваючыся ў невыпадковыя праблемы.

— Стаміліся? — Ен адклаў касу. — Напэўна, і прагаладаліся?

— Ага, яшчэ як. Савецкі жаўнер заўсёды галодны, — маладзенькі шараговы вышпарыўся наперад іерархаў, заяўляючы неадкладную гатоўнасць да пачастунку. Капітан кінуў злы позірк убок неразумнай фігуры. На вусны выціскаўся франтавы мужчынскі мацюк наконт скупога змесціва савецкіх жаўнерскіх страўнікаў. Аднак і ягоны, капітанскі, адмаўляючыся ад агульна прынятых вайсковых рэгламентаў, буркануў рэхам забытага сняданку. І капітан абяздолена махнуў рукой:

— З’елі б штось, чаму не.

Палітыкі і дыпламаты, абсеўшы круглыя сталы ў грандыёзных кабінетах, з тысячы позіркаў і жэстаў складаюць бліскучыя мазаікі, перакідваюцца пустымі словамі або камянеюць у разумным маўчанні. Перакананыя ў несмяротнасці, ігнаруючы час, гуляюць у шахматы вечнасці. Просты чалавек крочыць да мэты простым шляхам. Уладкоўвае пад грушай дубовы стол, запрашае гасцей, стаўляе заткнутую газетай паўтарачку. Просты чалавек ведае цану часу і, не губляючы яго лішне, кажа сваёй жонцы: “Сонька, дай што-небудзь на стол”. А яна знаходзіць у кладоўцы ладны кавалак сала і, вокамгненна распаліўшы печку, рыхтуе на кухні дымячую яечняй патэльню.

— А калі б так... — рука Іванюка сіне-зялёнай бутэлькай прычаляла якраз да шклянкі. Ен глядзеў у вочы капітану і штосьці перажоўваў у вусах... ці то сала, ці то слова. — А калі б так ад’ехаць крыху ўбок з гэтай граніцай?