Светлый фон

І ўсё ж пісьмо прыдуманае дзеля нас. Тут мы адрываемся напоўніцу, тут для нашай дасьціпнасьці, нашага гумару, нашай чуласьці да мовы — прастор і воля, тут нашае каралеўства. Літары вынайшаў заіка. Але паспрабуй пачытаць услых перад уважліва замерлай аўдыторыяй напісанае табой — якімі б таленавітымі ні былі створаныя табой радкі, праз колькі хвілінаў слухачы пацягнуцца да выйсьця. Нават тыя, хто, накшталт цябе, адзначаныя таўром заіканьня.

Ад заіканьня яшчэ ніхто не паміраў…

Неяк я цэлы год жыў са сваім дзедам у ягонай прапахлай лекамі, аблезлай аднапакаёвай кватэры. Дзеда маё заіканьне аніяк не кранала, ён зусім звар'яцеў, амаль не ўставаў, не адказваў на пытаньні, еў адно бульбяное пюрэ, якое я з тае пары зьнелюбіў страшэнна — столькі давялося перамясіць варанай бульбы, што я ўскокваў па начах, з намаганнем выдзіраючы сябе з аднаго й таго ж сну: ляжу на сваёй канапе ля халадзільніку на кухні, ня ў стане паварушыць рукамі, залепленымі цьвярдзеючым, як цэмэнт, пюрэ, а са столі зьвісаюць і гайдаюцца панада мною нейкія жалезныя трубкі, зь якіх паўзуць каўбаскі ўсё той жа густой жоўтай кашыцы. Дзед рос у сваім ложку як пустазельле, глыбока пусціўшы ў прасьціну карэньне. Уражаньне было яшчэ мацнейшым ад таго, што нават рукі дзед уздымаў загорнутымі ў коўдру, а калі ён варочаў галавой, разам зь ёй, як цьвікамі прыбітая, варочалася й падушка. Улюбёным ягоным заняткам было разглядваць столь з-пад сваіх густых брэжнеўскіх броваў. Я мяркую, што ў столі, зацягнутай па кутох павуціннем, ён знаходзіў сэнс жыцьця, адказы на ўсе пытаньні. Магчыма, у глыбіні столі, на паверхні якой плаваў падобны на кулак цень жырандолі, дзед бачыў сваю будучыню. Бывала, ён гутарыў са столяй на таямнічым арго ўсіх звар'яцелых дзядоў сусвету, і тады я пачуваўся бессэнсоўнай аблачынкай у тым небе, адкуль дзед узіраўся ў нетры свайго існаваньня. Тым ня менш дзеда я любіў, і шчыра радаваўся, калі доктар казаў, што дзед пражыве яшчэ доўга, а пры добрым даглядзе можа пайсьці на папраўку. Але доктар пакідаў пасьля сябе рэцэпты й сьляды каля дзедавага ложку, якія не высыхалі да раньня, і ў мяне было адчуваньне, што гэта сьмерць прыходзіла ўначы праверыць, ці не гатовы стары пайсьці зь ёю.

Дні мае міналі так. А дзявятай я падымаўся, рабіў укол дзеду, зазіраў у ягоныя неміргаючыя вочы ды йшоў гатаваць сьняданак. Пюрэ для дзеда, куды я дадаваў калі-нікалі й дзіцячы мясны паштэт, бутэрброд для сябе. Ставіў імбрык, глядзеў у вакно. Мы сьнедалі, я йшоў на пошту па грошы, якія дасылаў бацька, або накіроўваўся ў краму. Прыйшоўшы дахаты, я чытаў да першай гадзіны, гатаваў абед, рабіў дзеду яшчэ адзін укол, карміў яго й затым да вечара глядзеў тэлевізар. А сёмай пюрэ зноў вымушала мяне апынуцца на кухні, варыць апошнія пяць бульбінаў з абабраных уранку пятнаццаці, ускрываць круглыя маленькія бляшанкі мяснога паштэту — імі была даверху застаўленая шафа ў вітальні — і, стрымліваючы нудоту, начыняць дзеда гэтай небяспечнай сумесьсю. Здаралася, я сядзеў зь дзедам пасьля вячэры гадзіну-паўтары, мне падавалася, што ягоныя амаль нябачныя вусны і вузлаватыя, у бялёсых плямах рукі кажуць мне, сігналізуюць: «Застанься, пасядзі», і я сядзеў, думаючы, што гэтым падаўжаю яму жыцьцё.