Светлый фон

Але аднойчы загаварыў дзед. Гэтак я цешыўся толькі пятнаццаць год таму, недзе на саракавой хвіліне фільму «Вяртаньне Шэрлака Холмса». Дзед ажыў. Гэта здарылася апоўдні. Я якраз наліваў гарбату ў вялікі патрэсканы кубак, калі за маёй сьпінаю пачуўся ціхі голас: «Я хачу агуркоў. Сьвежых агуркоў.» Я павярнуўся. Дзед стаяў ля дзьвярэй і глядзеў на мяне з папрокам. Я засьмяяўся, я сьціснуў дзеда ў вабдымках гэтак, што ён ледзь ня страціў прытомнасць. Яму лепш, ён папраўляецца! Я пасадзіў яго на канапу, я паабяцаў хутка быць з самымі свежымі агуркамі на сьвеце. Адзіная праблема была ў тым, што агуркі ў гэтую пару году прадавалі толькі ў вадной краме, дзе неабходна размаўляць з прадаўцом. Я ненавіджу гэткія крамы — яны, відаць, створаныя адмыслова дзеля майго мэтанакіраванага прыніжэння. Мне даспадобы тыя крамы, дзе можна ўзяць тавар і моўчкі заплаціць за яго на касе. Але рабіць было няма чаго. Узрушаны ўваскрашэннем дзеда, я доўга вычвараўся перад прадаўцом, спрабуючы патлумачыць мэту майго візыту, пакуль ня страціў цярпеньне, не перагнуўся праз прылавак і ня тыцнуў пальцам у купку запаветных агуркоў. На гэты абед я не забудуся ніколі. Мы елі пюрэ ды салат са сьмятанаю й гаманілі, выдатна разумеючы адзін аднаго. Потым дзеду захацелася паляжаць. Я зрабіў яму ўкол, перасьцяліў ложак і пайшоў на сваю канапу.

Увечары дзеду зрабілася блага. Белы й голы, як накрэсленыя на адпрасаванай прасьціне контуры чалавечага цела, ён ляжаў і задыхаўся. Я зрабіў некалькі спробаў выправіць становішча, аднак неўзабаве зразумеў — трэба выклікаць хуткую дапамогу. З маім заіканнем гэта было цяжка, але магчыма. Я крутнуў дыск тэлефону, але ледзь на другім канцы зьнялі слухаўку, я ўжо ведаў, што сказаць анічога ня здолею. Я тужыўся й напінаўся, я рыкаў і ікаў у гэтае паўтараючае сваё алё чорнае сіта, але сказаць нічога так і ня змог. Я зрабіў яшчэ тры ці чатыры спробы, ня памятаю. Безвынікова. Я патэлефанаваў бацьку, ён ў любым выпадку правільна зразумеў бы мае сутаргі. Але яго, на злосьць, не было ні на працы, ні дома.

У вадчаі я кінуўся басанож, у вадных джынсах, да суседзяў. Але было яшчэ надта рана, усе былі хто на вучобе, хто на працы. Адно толькі ў крайняй справа кватэры мне адчыніла зусім незнаёмая жанчына ў белым махравым халаце. «Ішоў бы ты спаць, дружа,»— сказала яна ласкава й бразнула дзьвярыма. Я ціснуў званок яшчэ і яшчэ, але вочка, дагэтуль жоўтае й поўнае надзеі, цямнела цяпер на светлым блакіце дзьвярэй. Я пабег уніз, але на пляцоўцы між паверхамі ўспомніў, што стары дома адзін, і можа, яму ўжо лепш, а можа… Рэзка павярнуўшыся, я пабег назад, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў тынк, што сыпаўся са сьценаў. У некалькі скачкоў я апынуўся ля ложку, пад расхістанай, узьнятай на дыбкі столяй. Але стары быў ужо м-м-м-м…