НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ
НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ
НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ— Сабака — гэта сабака, — сказаў Радзівіл і рухам гульца ў кеглі падштурхнуў Фэлікса ў круглы азадак, быццам запусьціў шар. Фэлікс паслухмяна рвануўся наперад, кінуўся да выхаду і ўскалыхнуў бамбуковую фіранку, якая толькі што супакоілася. — Сабака — гэта сабака. А гэта — Кашкін.
На мэталічнай калясцы ляжала нешта, падобнае на чалавечыя клубы, якія прыраслі адно да ад нога. Апрача прадаўгаватай шчыліны ўверсе, уся астатняя паверхня гэтай істоты была зацягнутая ружовай дзіцячай скурай. Істота ляжала нерухома, трохі правісаючы ўнізе між прутоў.
— Як? — хмура перапытаў Андатраў.
— Кашкін, — адказаў Радзівіл, зь любоўю гледзячы на зьмесьціва каляскі. — Гэтак я яго назваў. Як на мой погляд, дык гэтае ймя вельмі яму пасуе.
— Ня ведаю, ня ведаю… Гэта хутчэй нейкая філейная частка сьвіньні.
— Якая сьвіньня! Ды любое мяса згніла б за ўвесь гэты час! Не, тут няма сумненьняў, гэта жывое, зусім жывое… Кашкін завітаў да нас з усялякіх дзіцячых казак.
З агідаю паглядзеўшы на Кашкіна, Андатраў запаліў цыгарэту.
— Дурка нейкая, — сказаў ён і расшпіліў верхні гузік на кашулі.— А можа, яно таго — засланае? Можа, Міхей падсунуў, а?
Радзівіл падсунуўся бліжэй да каляскі й пагладзіў Кашкіна па загадкавай шчыліне. Было прыкметна, што Кашкін крыху напружыўся, скура ягоная дзе-нідзе пасьвятлела.
— Спадабалася, — сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.
— Дзе ты яго ўзяў? — спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.
— Знайшоў,— адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. — Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай сьцябліне, сярод матылёў ды кветачак, і я яго сарваў.
— А калі сур'ёзна?