У лягеры былі яшчэ зялёныя таблеткі — «вітаміны», і карычневыя, самыя нясмачныя. Лёся доўга не хацела прызнавацца, што за пагалоска ходзіць сярод дзяўчатак пра гэтыя прадаўгаватыя капсулі — але потым сказала, што насамрэч ніхто гэтага ня ведае. Толькі ад тых карычневых пігулак ім чамусьці хацелася закапацца ў зямлю. Толік, той, які надоечы абасцаўся, так і зрабіў. Важатыя знайшлі яго ўвечары за кухняй, закапанага па горла ў жвір; нехта ўставіў яму ў нос два каўпачкі ад зубной пасты. Дырэктару вырашылі не казаць і доўга дзівіліся, як гэта Толік мог сам сябе закапаць. Так акуратна, да самага падбародзьдзя — хаця больш бязрукага, блізарукага, гідкага, больш непрыстасаванага да жыцьця стварэньня, чым Толік, трэба яшчэ пашукаць.
Прыгадаўшы ўсё гэта, Лёччык скрывіўся, так кісла зрабілася ў роце, і агледзеўся. Чарніцаў навокал менш не рабілася — наадварот, здавалася, яны імгненна зноў вырастаюць на ўжо спустошаным кусьце. Бясконцы чарнічнік, неаб’яданая купіна. Калі б не камары — наўрад ці б ён памятаў, у якім баку засталася іхная машына.
Напэўна, яны зь Лёсяй таксама нагадвалі камароў. Жэрлі чарніцы, таропка набіваючы раты гэтым дурным кацігарошкам, цалавалі сабе далоні. Яны жэрлі іх так, быццам чарніцы былі крадзеныя, быццам хацелі імі атруціцца. То збліжаючыся, то зноў аддаляючыся, беспакойна круцячыся вакол дрэваў, утыркаючыся насамі ў зямлю. Такая ў іх зь Лёсяй была звычка — сьпяшацца.
Маю сястру зьелі ваўкі. Вось, напрыклад, у Сярэднявеччы такі факт біяграфіі нікога не зьдзівіў бы, падумаў Лёччык. Бывае, сказалі б. Мінулай зімой маю цётку ўкусіў пацук, сказалі б сярэднявечныя людзі, і яна памерла ад чумы. Бубоннай. А мая сястра выйшла замуж за гарбатага сьвінапаса. А мой дзядзька пайшоў вызваляць Гроб Гасподні, і больш пра яго ніхто ня чуў… Лёччык прыгадаў, як Важаты сказаў учора на лінейцы, што зладзіць ім сапраўднае Сярэднявечча, бо Толік зноў насцаў у ложак. Важаты меў на ўвазе, што іх зноў будуць прывязваць. Быццам ён ведаў, гэты садыст, што такое Сярэднявечча. У Сярэднявеччы бацькі, нараджаючы дзяцей, ведалі, што ацалее і дажыве да шаснаццаці добра калі палова прыплоду. Лёччыку шаснаццаці яшчэ не было. Але ён ведаў, што дажыве. Такая моц адчувалася ва ўсім целе — нават калі проста пацягваешся, дык адчуваеш, што мог бы зараз падняць цэлую краіну і панесьці на плячах. Няважна, куды. Важатыя казалі, што гэта ўсё лягер іх так загартоўвае. І Лёччык верыў у гэта, бо раней такога зь ім ніколі не было. Такая сіла — што чарніцы, што сосны, што сонца: да ўсяго можна дацягнуцца.