Гэта было цяжэй, чым ён думаў — бацька адсопваўся, выціраў з ілба пот, верхняя губа сьмешна танчыла ў яго пад носам. Час ад часу ён умольна пазіраў то на Лёччыка, то на Лёсю, быццам просячы ў іх дапамогі, але яны моўчкі стаялі і глядзелі, як ён мучыцца. А Каця ўважліва разглядвала іх, раз-пораз нэрвова азіраючыся. Лёччыку таксама здавалася, што на шум зараз нехта прыбяжыць. Хтосьці з важатых. Чым гэта скончылася б, Лёччык стараўся ня думаць. Можа, крывёй.
«Ну што там, што? Што ты там корпаешся?» — ня вытрымала Каця, адганяючы камароў. — «Ты што, забыў…»
«Зараз», — прастагнаў бацька. Нажніцы саскоквалі і ня слухаліся. — «Зараз мы яго. Зараз. Раз!»
Лёся паглядзела на Лёччыка.
Лёччык паглядзеў на Лёсю.
Яны ўздыхнулі, узяліся за рукі і паволі пайшлі да бацькі. Сетка ўчапілася ў Лёччыкаву футболку, але Каця асьцярожна вызваліла яго — як стрэмку выцягнула.
«Усё будзе добра», — сказаў бацька. — «Я люблю вас. Цяпер мы ўжо ніколі…» І ён заплакаў, ляскаючы нажніцамі. Каці давялося вырваць іх у яго з рук. «Канчайце гістэрыку», — сказала яна і падхапіла заплечнік. — «Часу няма! Потым, потым!»
І вось яны ўжо беглі па ўзгорку, Каця, за ёй бацька, які трымаў за руку Лёччыка, і за імі Лёся, і лес рабіўся ўсё радзейшы, і аднекуль ужо чулася, як працуе трактар. Яны зьбеглі ўніз, пераскокваючы раўчукі і наступаючы на пні, і выскачылі на дарогу. Тут, зарыўшыся тварам у кусты, стаяла машына — нагрэты сонцам легкавік, унутры якога біўся тоўсты авадзень. Адчыненыя дзьверы не зрабілі на яго ніякага ўражаньня. Так яны і рванулі зь месца з аваднём, што насіўся між імі, бы шалёны, і пагналі па лясной дарозе, забраўшы з сабой задуху і ігліцу на лабавым шкле, якая ніяк не хацела абсыпацца, як ні трэсла машыну на купінах і лясным ламаччы.
Лёччык і Лёся сядзелі на заднім сядзеньні і глядзелі, як за вокнамі скача лес, і Лёччыку здалося, што ён на нейкі момант разгледзеў сетку, якая прамільгнула сярод дрэваў. Гэта быў вялікі лягер. Лягер, у якім цяпер ёсьць дзірка. Роўна такой вышыні, каб прапусьціць скрозь сябе дзіця. І праз гэтую дзірку ў лягеры цяпер маглі адбыцца самыя розныя падзеі.
Бацька выруліў на шашу, трэсьці перастала — і ён упершыню за гэты час усьміхнуўся. Паглядзеў на іх у люстэрка задняга агляду, але ні Лёччык, ні Лёся не ўсьміхаліся, і бацька зноў зрабіўся сур’ёзны.
«Не спыніць, не стрымаць… Галодныя? А, Лёччык?» — запытаўся ён. — «Нічога, хутка мы прыедзем у бясьпечнае месца, а там…»
«Шкада, мы з табой не падумалі», — сказала Каця, павярнулася і пагладзіла Лёччыка па галаве. Лёччыку гэта не спадабалася. Быццам гэта яна перад бацькам так выпіналася, жанчына з жоўтымі валасамі і вачыма, якім так і карцела ўцячы зь яе прыгожага твару. Каця дала Лёсі пакет чыпсаў — яны ня сталі іх есьці, так і ехалі: Лёся з пакетам у руцэ, і Лёччык, напружаны, утаропіўшыся ў акно. Там адна за адной праносіліся вёскі, мястэчкі, зноў вёскі — падобныя да выстаўленай на траву старой мэблі, якая чакае, што зараз, адпачыўшы крыху, яе схопяць дужыя рукі і пацягнуць угару па сходах. Там-сям на дарогах сядзелі людзі, расклаўшы проста на ўзбочынах яблыкі, ягады — «Я галодны», сказаў раптам Лёччык, і бацька ледзь ня скінуў хуткасьць, каб спыніцца ля купкі такіх гандляроў, што тырчалі проста пад сонцам у сваіх брудных панамах. «Ты што?» — крыкнула Каця, — «Нам нельга спыняцца! А ты чыпсаў паеж! Вунь жа чыпсы!», і іхная машына аддыхалася, зараўла і паляцела далей па шашы.