Светлый фон

Дзіўна, але ён зусім не пачуваўся галодным. Яшчэ раніцай яны прачнуліся ў лягеры сярод звычных драўляных сьценаў іхнага корпуса і нават пасьпелі пасьнедаць у сталовай — малако, каша, хлеб з маслам, сыр, які Лёся не даела і аддала яму. Потым прынялі таблеткі. Сёньня ім ня трэба было ў Кабінэт, і вольнага часу было крыху болей. Калі не было Кабінэту, пасьля сьняданку яны заўжды хадзілі пад ялінкі, сустрэўшыся каля прыбіральняў — там, за драўлянымі будкамі, каля самай агароджы, было іхнае запаветнае месца: зваленыя ў кучу крэслы, старое піяніна, у якім жылі мышы, нейкія плякаты, напісаныя ад рукі пад трафарэт, і заўжды з памылкамі; там стаялі тарчма проста ў траве старыя аконныя рамы, у шыбінах якіх таксама нехта жыў: часам, у сонечнае надвор’е, на шкле зьяўляліся дзіўныя адлюстраваньні — ці то людзі, ці то цені, за сьпінамі якіх, у самай глыбіні шкла, мігцеў асьветлены калідор, поўны павольных, рыбіных рухаў. Узьнікала адчуваньне цудоўнай трохмернасьці гэтага шклянога сьвету, і аднойчы Лёся прызналася, што ёй кожны раз хочацца пайсьці проста ў шкло, бо яна ведае, што гэта магчыма. «Не хадзі», — прасіў ён сястру, а яна глядзела на яго строга, як манашка.

Там, ля агароджы, зямля была засыпаная сьветлымі шэрымі шышкамі і нерухомай, таксама сьветлай, бы цукрам пасыпанай ігліцай, па якой яны хадзілі туды-сюды, слухаючы, як прыемна шаргоча ў іх пад нагамі. Часам яны ляжалі пад ялінамі, гаворачы пра тое і пра сёе — але ніколі не абмяркоўваючы лягер. За ялінамі пачыналася агароджа, мэталічная сетка, а за ёй быў такі самы сятчасты, быццам сам патрапіў у пастку, лес.

І вось сёньня раніцай з-за ялінаў іх нехта паклікаў.

Такое здаралася і раней. Яны зь Лёсяй падыходзілі, не баючыся — падавалася неверагодным, што нехта можа пранікнуць сюды, за сетку, у лягер. У лягеры быў уваход: пафарбаваная жоўтым брама, над якой вісела кола, утыканае бліскучымі пратубэранцамі, і нейкім чынам, яны ведалі гэта, пратубэранцы ахоўваюць іх, гэтае кола было неяк зьвязанае зь сеткай, зь яе пэрымэтрам, абысьці які ў іх пакуль не хапіла часу. Таму цяпер, калі голас з-за сеткі назваў іх імёны, яны не адчувалі страху. Праўда, Лёся сказала, што набліжацца ўсутыч да агароджы ўсё ж небясьпечна — раптам у іх там, на тым баку, ёсьць такія крукі, якімі можна зачапіць чалавека і выцягнуць зь лягеру ў лес. Неяк, калі іх толькі прывезьлі сюды, зь імі загаварыў пажылы мужчына, які прапаноўваў ім пачаставацца арэхамі і нават прасоўваў іх скрозь сетку. Яны маўчалі, а ён гаварыў без супынку, ледзь ня плачучы. Яны тады яшчэ ня надта добра ведалі Язык. Тым разам Лёся падышла бліжэй, Лёччык неахвотна патупаў за ёй. І тады мужчына павярнуўся да іх сьпінай. Адной рукой ён прасоўваў празь ячэйкі арэхі, а другую засунуў у кішэню: дзіўная пастава. І так працягвалася цэлую вечнасьць. І арэхі падалі на ігліцу, колькі ў яго іх там было, тых арэхаў: тысячы, мільёны? І словы ляцелі ў лес, ператвараючыся ва ўздыхі і стогны. «Гэта атручаныя арэхі», — сказала Лёся, калі мужчына нарэшце сышоў і ягоная пакрыўджаная сьпіна зьнікла за дрэвамі. «Ня будзем іх есьці». І яны пайшлі прэч.