Сяргей Пясецкі КАХАНАК ВЯЛІКАЙ МЯДЗВЕДЗІЦЫ
Сяргей Пясецкі
КАХАНАК ВЯЛІКАЙ МЯДЗВЕДЗІЦЫ
Гэты пераклад прысвячаю святой памяці бацькоў: Марылі-Ірэны і Язэпа, якія вучылі нас, сваіх дзяцей: Казіміра, Фэлікса, Язэпа, Валяр'яна і Альгерда шанаваць Айчыну і сваё месца народзінаў — Ракаў.
Пераклад з польскай Фелікса Янушкевіча.
Фелікса ЯнушкевічаКіраўнік выдавецкага праекта «Сяргей Пясецкі і Беларусь» Язэп Янушкевіч.
Язэп Янушкевіч
© Янушкевіч Ф., пераклад на беларускую, 2009 © Расолька М., Янушкевіч Ф., вокладка, 2009 © Янушкевіч Ф., Янушкевіч Я., афармленне, 2009
© Янушкевіч Ф., пераклад на беларускую, 2009
© Расолька М., Янушкевіч Ф., вокладка, 2009
© Янушкевіч Ф., Янушкевіч Я., афармленне, 2009
Прадмова
Прадмова
Летам 1936 г. я зрабіў восем тысячаў кіламетраў, кружляючы ўздоўж усходняй сцяны.
Наша граніца з Саветамі хоць і патужэла ў абдратаванні, дрыжыць непакоем. Так, нібы мы знаходзімся ля падножжа вулкана. На ім растуць кветкі і пасвяцца козы. Толькі застылыя ў падножжа шлакавыя лавы прамаўляюць пра тое, што было. I чуем пад зямлёй няўломнае трымценне.
Тыя застылыя лавы мінуўшчыны — гэта крыжы па лясах, стаўляныя загінуўшым у барацьбе з дыверсійнымі бандамі паліцыянтам, гэта людскія праломіны пад стрэхамі сялянскіх хацін, праломіны сярод людзей, якіх выбухі Еўраазіі змялі, ці вымелі. Гэта крывае апавяданне, што дыхае злачынствам усходу, пасля якога ў душах людзей засталіся глыбокія раны.
Трымценне тое няўломнае — часам гэта прыведзены на стражніцу КОПУ[1] індывідуум, які імкнецца за драты, гэта няўлоўныя чуткі, што невядомымі шляхамі раптоўна паўзуць па вёсках, гэта прадуманая дыверсія, якая знянацку насычае камуністычнымі настроямі нашыя камунікацыйныя артэрыі, нашы вузлавыя пункты.