«Шчур (мянушка кампаньёна Пясецкага) даведаўся ў мястэчку, што пэўная група паўстанцаў[4] ходзіць за граніцу не прама з мястэчка Ракава, але з Волмы. У той бок нясуць вельмі каштоўны тавар, а на нашым адрэзку вяртаюцца без яго. У той жа час іх праваднік Бэрка Станогі пасля перакідкі двух-трох груп вяртаўся з-за мяжы адзін і з выплачанымі яму за тавар грашыма. У залежнасці ад колькасці і вартасці перакінутага праз граніцу тавару, насіў вялікія сумы ад пяці да дзесяці тысяч даляраў. Нам падказалі прыкладны адрэзак, якім з Саветаў вяртаўся Бэрка Станогі. Ён знаходзіўся непадалёку ад Тэклі Поля. Па нейкім часе мы ўдакладнілі, што Бэрка Станогі пасля пераходу граніцы ідзе шасцю дарогамі. Праходзіць каля дубравы дзедзіча Навіцкага, ярам непадалёку стадолы ўпраўляючага таго маёнтка Карабіновіча; каля карчмы па дарозе з Волмы да Ракава, і, нарэшце, лесам, паблізу ад карчмы. Там ішоў трыма дарогамі: лугам, каля вёскі, левым ускрайкам лесу і сцежкай, якая перасякала лес на другі бок. Прымаючы пад увагу шэраг розных акалічнасцяў, рабілі засады на адной з тых дарог. Усё безвынікова. А пасля ў мястэчку Шчур даведваўся, што Бэрка Станогі зноў вярнуўся прамежкам, які мы пільнавалі. Шчур шалеў.
Пачаліся месячныя ночы. Калі неба ачышчалася ад хмараў, было зручней рыхтаваць засады. Аднаго разу, як звыкла, зрабілі засаду ў двух пунктах: я на сцежцы, якая вяла праз сярэдзіну леса, а Шчур на яго левым крыле. Прыкідвалі, што Станогі будзе вяртацца па адной з тых дарог.
Была другая гадзіна ночы. Месцы нашых засад знаходзіліся ў значнай адлегласці ад мяжы. Баючыся каб не прагледзіць жыда, які вяртаецца з-за граніцы, я ўважліва ўзіраўся ў прастору перад сабой. Калі здавалася, што ўхапіў нейкія зрухі на мясцовасці, падымаўся і пільна аглядаў наваколле. Пераконваўся ў зрокавым падмане і зноў сядаў на спілаваны хваёвы пень.
У нейкую хвіліну пачуў злева лямант. Пабег туды ўскрайкам лесу. Наблізіўся да месца засады Шчура. Убачыў, што абшуквае нейкага селяніна, які галасліва прасіўся, каб Шчур яго адпусціў; даваў дзесяць рублёў золатам. Селянін нёс у мяшку звыш дзесяці кілаграмаў авечай воўны і казаў, што ідзе да сваякоў, якія жывуць паблізу Волмы.
Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў: