Светлый фон

На граніцы прамінуў час залатых інтарэсаў — імпартовых і экспартовых, кантрабандысцкага эльдарада, ашалелых рэйдаў, арганізаваных гуртоў. Жыццё граніцы пайшло пад зямлю, але не замерла.

Я паходжу з Віцебска-Смаленскай брамы, брамы семдзесят кіламетраў ушыркі, у якой на працягу яе гісторыі адбылося 28 вялікіх бітваў. Можа, таму мы, людзі адтуль, маем адмыслова адчувальнае сейсмічнае вуха на шолахі з еўразійскіх абшараў, на мелодыю граніцы, якая ўсяляк у нашай гісторыі бегла ад бярозкі да бярозкі, ад балацінкі да балацінкі, пасам невядомым, пасам шырокім, не раз на некалькі дзесяткаў кіламетраў.

Можа таму я спецыяльна старанна занатоўваў тыя трымценні граніцы.

Таму для мяне сталася вялікім здарэннем, калі аднойчы я атрымаў з астрога на Святым Крыжы два вялікія агульныя сшыткі, засыпаныя дробным макам літарак, і калі ўчытаўся ў іх, зразумеў, што гэта піша свае ўспаміны колішні перамытнік з ракаўска-івянецкага памежжа.

Сяргей Пясецкі — так называўся аўтар, — пісаў:

«Калі б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць з граніцы на даўжэйшым яе прамежку павалоку змроку, мы б убачылі партыі перамытнікаў, якія цягнуцца да граніцы… Ідуць па трох, па пяцёх і нават па дзесяцёх і звыш. Большыя групы вядуць „машыністы“, якія дасканала ведаюць мяжу і пагранічча. Малыя партыі ходзяць пераважна на сваю руку. Ідуць нават жанчыны, па некалькі адразу, каб за золата, срэбра і даляры купіць у Польшчы тавараў і з ліхвой прадаць у Саветах. Ёсць і ўзброеныя групы, але іх вельмі мала. Зброю перамытнікі не носяць. А калі хтосьці з іх бярэ з сабой комін, дык пры затрыманні, калі бачыць, што мае справу не з хамамі, абрэзаў[2] якіх перамытнікі баяцца больш за ўсё, тады адкідае зброю ад сябе. Са зброяй ходзяць Алінчукі, Сашка і некаторыя іншыя перамытнікі, што маюць на тое вельмі важкія падставы. Адхінуўшы заслону змроку з пагранічча, мы ўбачылі б акул граніцы: сялян з абрэзамі, карабінамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і каламі, якія цікуюць здабычу. Часам убачылі б і дыверсійную банду ў складзе звыш дзесятка ці некалькі дзесяткаў людзей, узброеных рэвальверамі, карабінамі, гранатамі, а зрэдку і кулямётамі. Убачылі б мы і канакрадаў, што пераводзяць скрадзеных коней з Польшчы ў Саветы і з Саветаў у Польшчу. Нарэшце, убачылі б незвычайную постаць… чалавека, які самотна перамервае пагранічча і пераходзіць мяжу… Найчасцей ідзе самымі небяспечнымі дарогамі. Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён… Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзесятках сутычках, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы. Усе баяцца яго: і перамытнікі і стражнікі, і агенты ўсіх падраздзяленняў выведкі і контрвыведкі, і сяляне… Злавіць перамытніка — запаветная мара! Але ўзбіцца на такую сатану — найстрашнейшая справа! Убачылі б і шмат іншых цікавых рэчаў… Пра некаторыя з іх раскажу далей у маёй аповесці».