І толькі памарыць пра гэта рэдактар, крыху паружавеюць ягоныя шчочкі, толькі расправіць ён плечы, каб скінуць з сябе цяжар рэдагавання беларускага літаратурнага часопіса, толькі на секунду забудзе ён пра ўсіх гэтых графаманаў і сабутэльнікаў, і вось-вось пачуе ён ужо голас Цімура, як тут як тут, як верадовец на вока, прыходзіць канец мараў, крах чаканняў.
Нельга больш патэлефоніць Хомічу. Не з намі Цімур.
Дзе ж Хоміч? Дзе-дзе, хто ж яго ведае, дзе ён, той Хоміч, аднаму богу ведама. І мне, натуральна, і мне крышачку, бо ў сваім тэксце я і Вітаўт, і Міндоўг, і халера з каналізацыйнага калектара.
Згуляем з вамі ў гульню. Я вам падказку дам. Крывіцкая Мекка. Туды яшчэ на закупы ездзяць, хто пры грашах. І вы ўжо адразу: «У Вільні Цімур, так?» А вось вы, як баба Клава з восьмай кватэры, – глухія і ў палітоне, стаіцё, нічога не разумееце, у нямытае акно маёй прозы пазіраеце.
У Варшаве Цімур, у Варшаве. Думаеце, па карце паляка? І куды вы лезеце з такімі мазгамі? Ладна, пачну па парадку, з апісання месца падзей, хопіць вас дурнямі выстаўляць.
Быў травень. Вы ведаеце гэтае надвор’е на пачатку траўня, калі пупышкі на дрэвах покаюцца, паветра ўвечары цёплае, а лёгкі вецер так смачна пахне, што можна памерці. І яшчэ можна гуляць з дзеўкай усю ноч, а яна табе не дасць, а ты яшчэ і не пакрыўдзішся – гэта значыць, табе пятнаццаць, а калі будзеш мужыком, а не анучай, назавеш яе шаболдай за такую крыўду, – вынікае, ужо нюхнуў жыцця, значыць ужо сямнаццаць ёсць.
Але калі вы ведаеце гэтае надвор’е, то наўрад ці вы з Беларусі, у нас я такога штосьці і не прыгадаю, у нас то цэлюлозны камбінат дае копаці, то трамвайнае дэпо гарыць, то гной па палях раскіданы. А то едзеш на ровары – ды колам у яму і пысай у гліну. От вам крыж, такое беларус можа адчуць толькі за мяжой, пажадана, на Лазурным Беразе, але нічога я пра той бераг не ведаю, шчыра скажу, не буду хлусіць, хоць і магу, бо я тут галоўны ў гэтым тэксце, але шось шкада мне вас, вам жа цукерачку пакажы, скажы «бульба» – вы і паверыце.
Быў травень, і было па абедзе. Гадзіны, можа, дзве. Можа, другая пятнаццаць. «Crossfire» чорнага колеру прыпаркаваўся каля «Жабкі». «Ого, – толькі і падумаў дзядок, што ішоў па моркву, – ні халеры ж сабе ў Хоміча машына – “Crossfire” дзве тысячы васямнаццатага года, мадэль “C”, у поўнай камплектацыі. Скуль у яго грошыкі на “Crossfire”? Да таго ж, кожны ведае, што Цімур – камуністы. Ім не палаген на такіх машынах ездзіць».
Устаў дзед, дзе стаяў, толькі рот разявіў. Думае: «Усё жыццё я адрабіў у камунгасе, рабіў, рабіў, аж х-й скрывіў, а на “Crossfire” не зарабіў». Кінуў дзед рэклямуўку вобзем, развярнуўся і пайшоў па вудку, але праз дзесяць метраў згадаў, што вудка ўсё адно ў «Жабцы», вярнуўся, падабраў рэклямуўку і зайшоў у краму.