Я і сам не паверыў бы, што ў такім стане Мятліцкія ехалі па сталіцы Польшчы, але тут ім у акенца пагрукалі. «Госпадзе! – я гэта кажу разам з вамі і за вас, спадарства, бо, можа, вам лянота. – Няўжо паліцыя! Але пра што аўтар думае, у іх жа забастоўка!» Але! Гэта была зусім не паліцыя. Гэта быў знаны ў мінулым беларускі паэт, а цяпер беларускі рэпер са сваім сябрам, таксама паэтам.
Яны церліся каля «Жабкі» ўжо дзесяць хвілін і ўсё чакалі, калі Мятліцкія вылезуць з машыны.
У Шымана пакуль не было нікога, апроч ягонага бультэр’ера, ягонай жонкі Таццяны і ягонай дачкі, якую мы можам назваць выпадковым імем – напрыклад, Зояй (у мяне так цешчу клічуць, хай ёй будзе прыемна, што адзіны светлы персанаж у кнізе названы ейным імем). «А як жа мама?» – пацікавіцеся вы. Заканамернае пытанне, але вы маю маму і так будзеце часта ўзгадваць, на халеру вам яшчэ і імя ейнае ведаць.
Пакрысе госці сабраліся і расселіся на тэрасе вакол вялікага стала з мармуровай стальніцай, якая знізу была ўмацаваная жалезнай арматурай: гаспадар хоць і быў паляк, але мог бачыць наперад, праз алкагольныя выпарэнні ў канец п’янкі, якая праз свой дызайн, праз быццё ў сабе і часе была спраектаваная так, каб скончыцца танцамі на стале.
Як бывае ў кампаніях, дзе ёсць палякі, героі перш-наперш вырашылі высветліць, хто ў таварыстве габрэй.
– Барыс, ты што, габрэй? – запытаў Віталь Рыжкоў, як толькі Барыс далучыўся да стала.
– Ніякі я не габрэй, – адказаў Барыс, які сапраўды не быў габрэем, але быў уладальнікам начнога клуба на ўзбярэжнай Віслы.
– Шыман, дык ты габрэй? – запытаў Віталь у гаспадара кватэры.
Выявілася, што і Шыман не габрэй, а паляк, дый усе астатнія спрэс беларусы. Як вы разумееце, Віталь быў за крок ад таго, каб атрымаць у твар.
– Не, Барыс, ты ўсё-ткі габрэй, – Віталь вырашыў пайсці all-in.
– Слухайце, а хто яго сюды паклікаў? – запытаў Шыман.
Паколькі Кася Мятліцкая, якая паклікала Віталя, у той момант спала і не магла ўзяць на сябе адказнасць, не раўнуючы Гітлер за стан беларускай ЖКГ, то Віталь вырашыў адкласці пытанне з габрэем на заўтра.
Вячоркі пайшлі па звычайным для такіх імпрэз сцэнары. Найперш мужчыны абмеркавалі справы:
– Барыс, зрабі мне канцэрт у сваім клубе, – папрасіў Віталь.
– Восем тысяч шэкеляў, – з ходу адказаў той.
Віталь уважліва паглядзеў на Барыса і неяк адразу яго запаважаў.
– Чатыры, – адказаў Віталь, які абсалютна не ўяўляў цяперашняга курсу шэкеля.
Барыс паглядзеў на Віталя таксама не без павагі, але прапанаваў для пачатку выпіць дзве бутэлькі віна. Чырвонага і такога густога, што само жыццё па ім рабілася поўным па макаўку, а не такім сухім і бессэнсоўным, быццам той фантан у яго берлінскім доме, помпа якога зламалася, калі ўсю ваду выдзьмула клятым нямецкім ветрам. А тады ўжо паслухаць Віталёвыя песні.