Светлый фон

А скуль у Варшаве камунгас і як гэты дзед мог у ім рабіць, калі бліжэйшы камунгас у Ваўкавыску, вы не даведаецеся – як той дзед не даведаўся, што ў «Crossfire» быў ніякі не Цімур Хоміч. Сядзеў там Пшэмак Мятліцкі і баба ягоная. Ну, як баба – жонка. Зрэшты, калі ў цябе «Crossfire», не так і важна, жонка там ці баба.

Пшэмак не спяшаўся выходзіць з машыны, бо куды табе спяшацца, калі ў цябе «Crossfire»? Хіба што коксу панюхаць. Хаця, калі быць з вамі да канца шчырым, то і Пшэмак, і баба ягоная былі ўжо добра нанюханыя. Нанюхаліся так, што яшчэ невядома, ад чаго іх больш перла: ад блакітнага неба над імі або ад белага парашку ў іх. Хаця, каму я хлушу, вядома ж, ад парашку. Пакажы мне чалавека, якога прэ ад блакітнага неба, і я табе клянуся: ён пад кайфам. Можа, нават пад грыбамі. Згадзіцеся, малаверагодна, што перад намі Андрэй Балконскі. Ён жа прыдуманы персанаж мастацкага твора.

Я бачу, вы ўжо зразумелі, што Пшэмак Мятліцкі сядзеў у машыне, тамсама сядзела і ягоная баба, якую мы маглі б для прастаты назваць Пшэмакавай, але ў нас фемінізм на дварэ і раўнапраўе на вячэру, то назавём яе Касяй. Таксама Мятліцкай. Хаця магла б быць і Мятліцкай-Дубавец (пазней зразумееце, пра што я і да чаго я, і мае маральныя прынцыпы таксама зразумееце, і творчы метад, і пра маму маю, можа, што скажаце – такі ўжо я чалавек, вечна на потым адкладваю).

Апроч таго, што Мятліцкіх напрамілы бог перла, у іх была дылема. Яны рухаліся ў госці да Шымана, каб працягнуць на тэрасе яго кватэры літаратурна-мастацкі дыспут, але яны абсалютна забылі, што гэта за дылема.

Часам Пшэмакавай пачынала здавацца, што яна ўспомніла сутнасць дылемы, ды ледзь яна адкрывала рот, як разумела, што ўсё марна, дылема забытая, а банан не такі ўжо жоўты і не такі ўжо доўгі, – і Пшэмакава рот закрывала.

– Слухай, каханая! – нешта зразумеў сам Пшэмак. Казаў ён, натуральна, па-польску, бо быў палякам, а я вам для зручнасці перакладаю (раптам вы з Магілёва, а ў нас мусіць быць інклюзіўнае асяроддзе, з Гомеля ты, з Оршы – для цябе і з польскай перакладу, і з ангельскай). Але неістотна, важна што Пшэмак з любоўю паглядзеў на жонку і працягнуў фразу. Але вы ўжо мо і пачатак забылі, то я вам поўнасцю падам. Сказаў ён так:

– Слухай, каханая! Ты ўжо закрый рот або ўжо не закрывай! Калі ласка!

Я разумею, спадарства, што ў вас узнікла заканамернае пытанне, а як у такім стане яны ехалі па Варшаве і ці не спыніла іх паліцыя ці якая народная дружына. І вы ўжо зрабілі выснову, што занюхалі яны проста на паркінгу каля «Жабкі», але не, клянуся вам, спадарства, што столькі ўцягнуць у ноздры на паркінгу было немагчыма фізічна – не ў сэнсе, што Пшэмак і Кася не змаглі б, але выключна ў сэнсе фізічных абмежаванняў, накладзеных на саму рэальнасць праз тонкія касмалагічныя канстанты. Бо ў нос засмактала б і паркінг, і «Жабку», і сам «Crossfire». Да таго ж, каб вы ведалі, у Варшаве не бывае ні народных дружын, ні казачых раз’ездаў, а ў паліцыі ў той дзень быў страйк за права біць працоўных у пастарунках. Як так? Хто ж забраў такое права ў паліцыі? Чым ім цяпер заняцца ў вольны ад разгону мітынгаў час? Загадка гэта, не ведаю, як так выйшла.