Яраслаў Гашак Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Яраслаў Гашак
Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Прадмова
Прадмова
Вялікая эпоха патрабуе вялікіх людзей. Жывуць на свеце сціплыя, нікому не вядомыя героі, якія не здабылі сабе ні славы Напалеона, ні хоць бы радка ў гісторыі. Але пры ўважлівым аналізе іх слава адсунула б у цень нават славу Аляксандра Македонскага. У наш час на вуліцах Прагі вы можаце напаткаць бедна апранутага чалавека, які і сам не здагадваецца, якое месца ён займае ў гісторыі новай, вялікай эпохі. Ён сціпла ідзе сваёй дарогаю, нікога не турбуючы, і яго не турбуюць журналісты просьбамі аб інтэрв’ю. Калі б вы спыталі, як яго прозвішча, ён адказаў бы проста і сціпла: «Я – Швейк».
I сапраўды, гэты ціхі, сціплы чалавек у паношанай вопратцы і ёсць той стары ўдалы салдат Швейк, мужны герой, імя якога яшчэ за аўстрыйскім часам было на вуснах усіх грамадзян Чэшскага каралеўства і слава якога не згасне і ў рэспубліцы.
Я вельмі люблю ўдалага салдата Швейка і, распавядаючы пра яго прыгоды ў час сусветнай вайны, перакананы, што вы ўсе будзеце сімпатызаваць гэтаму непрызнанаму герою. Ён не падпаліў храма ў Эфесе, як гэта зрабіў шаленец Герастрат для таго, каб трапіць у газеты і школьныя чытанкі.
I гэтага зусім дастаткова.
АЎТАРАЎТАР
Частка І. У тыле
Частка І. У тыле
Раздзел I. Уварванне ўдалага салдата Швейка ў сусветную вайну
Раздзел I. Уварванне ўдалага салдата Швейка ў сусветную вайну
– Слухайце, забілі нашага Фердынанда, – сказала Швейку яго служанка.
Швейк некалькі гадоў таму назад, пасля таго як ваенна-медыцынская камісія канчаткова прызнала яго ідыётам, пакінуў вайсковую службу і цяпер жыў з продажу сабак, брыдкіх беспародных мяшанцаў, якім ён прыдумляў фальшывыя радаслоўныя.
Апрача таго, ён быў хворы на раматус і ў гэтую хвіліну якраз мазаў калені ападэльдокам.
– Якога Фердынанда, пані Мюлер? – спытаў Швейк, не перастаючы масіраваць калені. – Я ведаю двух Фердынандаў. Адзін быў служкам у фармацэўта Прушы і аднойчы, памыліўшыся, выпіў бутэльку нейкай вадкасці для росту валасоў; ды ведаю яшчэ Фердынанда Кокашку, што падбірае на вуліцах сабачыя кучкі. Абодвух ніколькі не шкада.
– Не, васпан мой, пана эрцгерцага Фердынанда, таго, што жыў у Конапішце, такога тоўстага, набожнага…