Светлый фон

Брэтшнайдэр замоўк і расчаравана агледзеў пусты шынок.

– Тут некалі вісеў партрэт пана імператара, – праз хвіліну загаварыў ён зноў. – Якраз там, дзе цяпер люстра.

– Так-так, вы праўду кажаце, – адказаў пан Палівец, – вісеў. Ды толькі на яго мухі паскудзілі, дык я занёс яго на гарышча. Ведаеце, яшчэ хто-небудзь займее ахвоту зрабіць на гэты конт заўвагу, і могуць быць непрыемнасці. На якое ліха мне гэта патрэбна?

– У Сараеве, напэўна, вельмі брыдка было, пан шынкар?

На гэтае хітрае пытанне, пастаўленае проста ў лоб, пан Палівец адказаў надзвычай асцярожна:

– Так, у гэты час у Босніі і Герцагавіне страшэнная гарачыня. Калі я там служыў, дык нашаму обер-лейтэнанту даводзілася класці лёд на галаву.

– У якім палку вы служылі, пане шынкар?

– Я такіх дробязей не помню, я ніколі не цікавіўся такой брыдотай, – адказаў пан Палівец. – Я ўвогуле чалавек не цікаўны. Залішняя цікаўнасць толькі на шкоду.

Тайны агент Брэтшнайдэр канчаткова замоўк, і яго пахмурны твар ажывіўся толькі з прыходам Швейка, які, увайшоўшы ў шынок, заказаў сабе піва, заўважыўшы:

– У Вене сёння таксама жалоба.

У вачах Брэтшнайдэра засвяцілася надзея, і ён хутка прамовіў:

– У Канопішці вывесілі дзесяць чорных сцягоў.

– А павінна быць дванаццаць, – сказаў Швейк, адпіўшы з куфля.

– Чаму вы думаеце, што дванаццаць? – спытаў Брэтшнайдэр.

– Для роўнага ліку – тузін. Так лягчэй лічыць, ды і на тузін дзешавей выходзіць, – адказаў Швейк.

Запанавала цішыня, якую парушыў сам Швейк, уздыхнуўшы:

– Дык, значыцца, ён ужо там, ля трона божага, дай яму божа вечны спачын! Нават не дачакаўся, пакуль стане імператарам. Калі я служыў у войску, дык адзін генерал упаў з каня і моцна пабіўся. Хацелі яму дапамагчы, уссадзіць на каня, паглядзелі, а ён – мёртвы. А чакаў павышэння – цаляў у фельдмаршалы. Здарылася гэта з ім на аглядзе войск. Гэтыя агляды ніколі не даводзяць да дабра. Відаць, і ў Сараеве быў нейкі агляд. Памятаю, як на адным такім аглядзе ў мяне не хапіла дваццатага гузіка на мундзіры. За гэта мяне пасадзілі на два тыдні ў адзіночку. I два дні я, нібы той Лазар, быў звязаны «казлом»*. Што ж, у войску павінна быць дысцыпліна. Іначай ніхто ні на кога не зважаў бы. Наш обер-лейтэнант Макавец заўсёды нам гаварыў: «Дысцыпліна, ёлупні, неабходная рэч, без яе вы, як малпы, на дрэвы палезеце. А вайсковая служба вас, ёлупні, у людзі выведзе!» I хіба ж не праўда? Уявіце сабе парк, скажам, на Карлавай плошчы, і на кожным дрэве па адным салдаце без усякай дысцыпліны. Гэта мяне вельмі палохае.

– У Сараеве, – гнуў сваё Брэтшнайдэр, – гэта ўсё справа рук сербаў.