Светлый фон

– Ежыш Марыя! – ускрыкнуў Швейк. – Вось табе маеш! I дзе ж гэта з ім, панам эрцгерцагам, сталася?

– Прыстукнулі яго ў Сараеве. Быццам бы з рэвальвера. Ён там ехаў са сваёй эрцгерцагіняй у аўтамабілі.

– Вось бачыце, пані Мюлер, у аўтамабілі! О, такі пан можа сабе гэта дазволіць. Відаць, нават не падумаў, што такая язда аўтамабілем можа кепска закончыцца. Да таго ж, у Сараеве! А Сараева, пані Мюлер, – у Босніі… Гэта, напэўна, падкопы туркаў – не варта было нам адбіраць у іх Боснію і Герцагавіну. Дык вось яно як, пані Мюлер. Эрцгерцаг, значыцца, ужо аддаў богу душу. Доўга пакутаваў?

– Пан эрцгерцаг быў гатоў адразу, васпан. Вядома, з рэвальверам жарты кароткія. Нядаўна ў нас, у Нуслях, адзін пан забаўляўся рэвальверам, дык перастраляў усю сям’ю ды яшчэ дворніка, які прыйшоў паглядзець, хто там страляе на чацвёртым паверсе.

– Ёсць такія рэвальверы, пані Мюлер, што хоць трэсні, з яго не стрэліш. I такіх сістэм – безліч. Але ж для пана эрцгерцага, напэўна, купілі што-небудзь найлепшае. Магу пабіцца аб заклад, пані Мюлер, што той чалавек, які страляў, з такой нагоды і прыадзеўся як мае быць. Вядома, страляць у эрцгерцага – надта цяжкая праца. Гэта зусім не тое, што браканьеру стрэліць у лесніка. Тут галоўнае ў тым, як да яго падабрацца. Да такога вяльможы ў лахманах не падыдзеш. Тут мусіш ісці ў цыліндры, каб цябе да пары да часу не схапіў паліцэйскі.

– Ды, кажуць, ён там не адзін быў.

– Гэта само сабой, пані Мюлер, – сказаў Швейк, заканчваючы масаж калена. – Калі б вы, да прыкладу, хацелі забіць пана эрцгерцага або пана імператара, дык абавязкова з кім-небудзь параіліся б. Галава добра, а дзве лепш. Адзін параіць адно, другі – другое, і «справа пойдзе на лад», як пяецца ў нашым гімне. Галоўнае – пранюхаць момант, калі такі магнат паедзе міма. Гэта акурат так, як з тым панам Люкені, што праткнуў нашу нябожчыцу Альжбету* напільнікам. Памятаеце, ён яшчэ з ёй пагульваў. Вось і вер потым людзям! З таго часу ніводная імператрыца не ходзіць гуляць. I гэта яшчэ чакае многіх. Вось убачыце, пані Мюлер, яшчэ дабяруцца да рускага цара і царыцы, а можа, не прывядзі бог, і да пана імператара, калі пачалі з дзядзькі*. У яго, старога чалавека, ворагаў болей, чым у Фердынанда. Нядаўна ў карчме адзін пан сказаў, што надыдзе час, і ўсе гэтыя імператары пасыплюцца адзін за адным, і ім нават дзяржаўная пракуратура не дапаможа. Потым выявілася, што гэтаму пану няма чым плаціць за піва, і карчмар вымушаны быў выклікаць паліцыю, за што ён заляпіў карчмару аплявуху, а паліцэйскаму – дзве. Потым яго адвезлі ў кашы, каб ачомаўся*. Такія вось, пані Мюлер, у нас справы. Значыцца, яшчэ адна страта для Аўстрыі. Калі я служыў у войску, дык адзін пехацінец застрэліў капітана. Зарадзіў стрэльбу і пайшоў у канцылярыю. Там сказалі, што ў канцылярыі яму рабіць няма чаго, а ён усё даводзіў, што конча павінен гаварыць з капітанам. Капітан выйшаў і пазбавіў яго водпуску з казармы, а ён узяў стрэльбу і – бах яму проста ў сэрца! Куля прабіла пана капітана навылёт ды яшчэ нарабіла шкоды ў канцылярыі: раскалола пляшку з чарнілам, і яно заліло службовыя паперы.