Светлый фон

Ольгерд Бахаревич Плошча Перамогі

Ольгерд Бахаревич

Плошча Перамогі

© Бахарэвіч А. І., 2021

* * *

Юлі, зь якой дзялю гэты змрок і гэтую таямніцу

Юлі, зь якой дзялю гэты змрок і гэтую таямніцу

 

1

1

Уяві сабе лясную дарогу. Старую дарогу, пракладзеную сотні гадоў таму людзьмі, пра якіх ужо ніхто й памятае. Яна то звужаецца так, што на ёй дваім і разьмінуцца цяжка, то зусім губляецца ў зарасьніках. Часам гэтая дарога і не дарога нават, а проста запрашэньне ісьці наперад. А часам яна такая шырокая, што на ёй і два вазы спакойна праедуць, кожны ў свой бок, ды яшчэ і фурманы прыўзьнімуць капелюшы і перакінуцца лянівым словам.

Уяві сабе гэтую дарогу і не пытайся, дзе яна была і калі.

Зрэшты, вазы па ёй цяпер ня езьдзяць. Дый людзей на ёй рэдка можна пабачыць. Край, які перасякае гэтая дарога-зморшчына, адна з сотняў на мапе, замёр у чаканьні.

Зьверху дарога падаецца зусім пустой. Але птушкі ведаюць, што гэта ня так. У шатах дрэваў ідзе няспынны абмен паведамленьнямі. Бо цяпер па дарозе ідзе самотны чалавек. Ідзе, ідзе! – крычаць адны; жалеза! – дапаўняюць іншыя; стома, стома, сто, сто – супакойваюць трэція. Сто? Не, ён адзін, ён ня будзе страляць, ён пройдзе міма. Міма, міма! – выводзіць птушка і адразу забывае, як толькі чалавек зьнікае за паваротам. Шчасьлівая птушка.

Цяпер ты бачыш? Па старой лясной дарозе і праўда ідзе малады мужчына ў парваным чорным мундзіры. Толькі вялікія гузікі блішчаць на сонцы. На кожным гузіку – адамава галава. Мужчына ідзе па дарозе басанож, цяжка ступаючы, але мерным, злосным крокам. Боты ён прадаў, калі ўчора перапраўляўся праз раку. На плячы ў мужчыны боўтаецца стрэльба, а на галаве горда тырчыць запыленая, пакамечаная, прыплюснутая зьверху шапка-трывуголка. На баку ў мужчыны вісіць біклажка, на дне якой булькае цеплаватая вада. Біклажка, якая яшчэ пахне віном, яна ўжо заўсёды будзе пахнуць кіслым салдацкім віном – і калі прымружыцца перад тым, як глынуць вады, можна ўявіць сабе, што ты п’еш за перамогу. За тое, што зноў застаўся жывы.

Калі мы апынаемся адны на лясной дарозе, мы пачынаем сьпяваць. І нават калі ў нас няма ні слыху ні голасу, нам падаецца, што выходзіць зусім няблага. Калі ты сам і слухач, і выканаўца, то вы абодва маеце абсалютны слых. Мужчына ў мундзіры са стрэльбай набірае ў грудзі паветра і заводзіць песьню пра караля.

Кароль сабраўся на вайну, Абразы не сьцярпеў! Давай, цясьляр, рыхтуй труну, Каб да вясны пасьпеў!