Лёкса Шпуль пакруціў жалейку ў руках. Падзьмуў. Выдзьмуў толькі нейкае сухотнае керханьне. Хацеў выбіць аб боты, быццам люльку, але ўспомніў, што босы, такі самы босы, як і гэта хлапец, і з прыкрасьцю зламаў жалейку, выкінуў у прыдарожныя дзьмухаўцы.
«Гэтую песьню ніхто ня мае права граць, – змрочна сказаў Лёкса Шпуль. – І сьпяваць таксама! Ніхто, акрамя тых, хто там быў. Там, дзе нас усіх і паклалі. Каля Чорнай Скалы! Ясна? Вось жа дурное малое. Румзае ён тут… Новую цацку зробіш! Я ж бачу, табе такую дудку зладзіць, што мне пад кустом пасцаць. Да гораду блізка? Па гэтай дарозе дайду?»
Але хлопчык нічога не адказваў. Ён кінуўся шукаць у траве зламаную жалейку. Лёкса Шпуль хацеў даць яму высьпятка, але перадумаў. Пазіраючы на патыліцу малога і слухаючы, як той нешта мармыча, Лёкса падумаў, што малы, відаць, трохі таго. Некалі, у мінулым жыцьці, там, у горадзе, у іхных суседзяў таксама быў сын-прыдурак. З такімі не пагаворыш. Добра яшчэ, што баіцца. Калі баіцца, значыць, нешта разумее.
«Вядзі мяне да бацькі, – строга сказаў Шпуль. – Я табе тут ня проста так. Я каралеўскі вястун. Хто мне садзейнічаць ня будзе – маю права проста на месцы разабрацца. Такія ў мяне паўнамоцтвы. Давай! Канчай ныць! А то бацька толькі зубы пад кустом і знойдзе! Зарад у маёй дудкі такі, што мазгавешку на кавалкі разрывае! Ну!»
Хлопчык ускочыў і паваліўся на калені. Закрыў твар рукамі.
«Дурачыла! Проста адвядзі мяне да бацькі, – сказаў Шпуль. – І я цябе не крану. Разумееш?»
Малы заматляў галавой і паказаў пальцам у гушчар.
«Вось так ужо лепей, – сказаў Шпуль. – Давай! Вядзі!»
Згорбіўшыся так, нібы ён зьбіраўся стаць на чатары лапы, хлопчык павёў галавой у бок лесу і за некалькі скачкоў апынуўся за кустамі. Вызірнуў, правяраючы, ці ідзе за ім гэты страшны салдат. Счакаў крыху – і вось ужо яго сьпіна замільгала між дрэваў.
«І чаго я на малога накінуўся, – думаў Лёкса Шпуль, ідучы сьледам за малым па лясной сьцежцы. – Спужаў хлопца. А ён жа свой. Наш… Нейкі я зусім азьвярэлы стаў. А ў мяне ж у самога ў горадзе брат і сястра. Праўду казаў Станя-пекар там, каля Чорнай Скалы. Калі ты, Лёкса, пасьля гэтага жывы застанешся, адразу ня радуйся, рана. Ты яшчэ сам сябе не пазнаеш… Ніколі больш не пазнаеш…»
Так ён казаў, Лёксаў колішні баявы пабрацім, Станя-пекар. І адкуль ведаў? І чаму Станя застаўся там, а ён – тут? Амаль што дома? Прыгадаўшы пекара, Лёкса Шпуль заскрыгатаў зубамі ад горычы і бясьсільля. Такі вясёлы быў Станя, такі разумны. Басурманы яму кішкі выпусьцілі. Накінуліся ўтрох на аднаго, той у высокай шапцы махнуў шабляй і… Калі бой скончыўся, Лёкса пакляўся, што больш ніколі ня будзе есьці пальцам пханую каўбасу…