Светлый фон

«Не… – заматляла галавой жонка палясоўшчыка. – Міха высокі, ладны, і вочы ў яго прыгожыя. Як горныя каменьчыкі…»

«Высокіх і ладных у нас многа было. А наконт вачэй, цётачка, нічога не скажу. Не ўглядаўся».

«Не даводзілася, і добра, – смурна сказаў палясоўшчык. – Ідзі ў хату, вястун. Я зараз».

Лёкса прамінуў сенцы, прыгнуўся, зайшоў, ногі з прыемнасьцю адчулі прахалоду драўлянай падлогі. Сеў за стол, паглядзеў на сьвятых, адвярнуўся. Успомніў, што шапка-трывуголка ўсё яшчэ на галаве, зьняў, паклаў побач. Яму раптам зрабілася няёмка за свой выгляд – бо каля печкі, нягегла выставіўшы вострыя локці, стаяла дзяўчына ў сіняй сукенцы і замешвала рошчыну. Пабачыўшы Лёксу Шпуля, яна адразу апусьціла вочы, але ён бачыў, што яна назірае за ім употай, назірае з такой прагай, нібы нечага ад яго чакае. Нібы просіць, каб ён загаварыў.

«Дзень добры», – прамовіў Лёкса нейкім не сваім, здушаным голасам.

«Дзень добры», – адгукнулася дзяўчына.

 

«Я Лёкса Шпуль, – сказаў Лёкса. – А вас… Вас як завуць?»

«Вераніка».

«Прыемна з вамі пазнаёміцца», – сказаў Лёкса і паклаў рукі на стол. Вялікія рукі, як не свае. Нібы адшпіленыя. Дзіўна было яму бачыць дзяўчыну. Забыўся ён, што гэта такое. Нібы яна ў сьне да яго прыйшла. Здаецца, чалавек. А здаецца, і не. Вось жа стварыў бог жанчын. Усім да людзей падобныя. А ня ўсім, ня ўсім. І рухаюцца іначай, і пахнуць, і гавораць. Ён іх заўсёды крыху баяўся. Так, як баяцца халодных, імклівых горных рэчак. І хочацца, і колецца. Набрыдзеш на такую ў сьпякотны дзень – хочацца разьдзецца і скокнуць. А скокнеш, з ног саб’е і пацягне па сьлізкіх камянях, і няма за што ўхапіцца…

«А вы праўда вястун? – спытала Вераніка аднымі вуснамі. – Вы адтуль?»

«Праўда, – сказаў Лёкса Шпуль. – Я першы, хто ўсё раскажа ў палацы».

І ён адчуў, як яго раптам напоўніла гордасьць. Гэтая дачка палясоўшчыка і ў горадзе, мабыць, толькі ў рыначныя дні бывае. А палац хіба што здалёк бачыла. А ён зусім хутка будзе нароўні гаварыць зь міністрамі. А можа, і з самім рэгентам. Нават хутчэй за ўсё з рэгентам. Навіна ж важная. Хоць і жудасная…

«Я чула, як вы з маці размаўлялі, – сказала Вераніка. – Міха – гэта мой брат. А што з тым Цыцыкам? Пра якога вы казалі? У якога галава як гарбуз?»

«Дык раскалолі той гарбуз на дзьве часткі, – ажывіўся Лёкса. – Шабляй заехалі зьверху, да мазгоў ажно дастала. Палова галавы налева, палова направа. Сам бачыў…»

Ён прыкусіў язык. Ня трэба паненкам такія падрабязнасьці расказваць. Вераніка ажно зьбялела. А можа, і не зьбялела, яна ў цёмным куце стаяла. Можа, гэта ён сам сабе прыдумаў. Паненкі мусяць бялець ад такіх аповедаў. Ён зірнуў на Вераніку і пабачыў, што і праўда – твар у яе быў чырвоны, нібы ў хаце зрабілася горача, і вочы заблішчалі, яна высунула язык і аблізала сухія вусны.