Што там у песьні далей, падарожны ўспомніць чамусьці ня можа. Таму ён зноў і зноў хрыпатым голасам паўтарае той самы куплет. Асабліва яму падабаецца апошні радок.
«І сто таварышаў са мной!»Ён пяе гэтыя словы так, нібы рагоча.
Іх і праўда хутка прывязуць дамоў. Абкладзеных ільдом мерцьвякоў на вазах. Там, куды яны выправіліся, было шмат лёду. Іх прывязуць, нібы здабычу. Замест багатых трафэяў, якія абяцалі Яго Вялікасьць. Прывязуць і кінуць у кучу на галоўнай плошчы. Можа, праз тыдзень, а мо праз два. Станю-пекара, і Жардзіну Людвіга, і Ганса-драчылу. І сотні тых, каго ён па імёнах і ня ведае. Толькі мянушкі: Жаба, Руды, Віскарык…
А яго не прывязуць. Ён сам прыйшоў. Ён жывы. І ногі цэлыя, хоць і адвальваюцца ад доўгай дарогі. І ў галаве ніякіх лішніх дзірак. Толькі вочы, нос, вушы і рот. Часам для шчасьця цалкам хапае, каб у цябе былі дзьве рукі, дзьве нагі, вочы, вушы, рот і нос. І больш нічога ня трэба. Ужо ж ён ведае. Ён, вястун пры штабе Яго Каралеўскай Вялікасьці Лёкса Шпуль. Вось кім яго прызначылі, калі ўсё скончылася. Сам кароль і прызначыў. Зірнуў у вочы, выбраў каня – і загадаў Лёксу гнаць на ўсю моц дамоў. Каб прынесьці вестку пра тое, што іх вялікае войска разьбітае.
«І сто таварышаў са мной!» – прамовіў Лёкса Шпуль ужо без усьмешкі і паправіў стрэльбу.
І тут жа з прыдарожных кустоў адгукнуўся расчараваны голас жалейкі. Жалейка прасьпявала дакладна той самы матыў і замоўкла. Нібы нехта, хто хаваўся там, шкадаваў, што песьня скончылася. І прасіў яшчэ.
Лёкса Шпуль спыніўся, павярнуўся да кустоў і нахмурыўся.
«Вылазь, музыканцік! – сказаў ён зычна і зьняў з пляча стрэльбу. – Вылазь, а то як шмальну зараз».
Птушкі замоўклі. У кустах нехта спалохана засоп. Загайдалася галінка – і шмыгнула, засапла па-дзіцячаму, задыхала.
«Я цябе бачу, – сказаў Лёкса Шпуль. – Давай, малы. Xaдзі сюды. Каму кажу!»
На дарогу і праўда выйшаў хлопчык, хаваючы штосьці за сьпінай. Галава ў хлопчыка была паголеная налыса, а пярэднія зубы ў яго былі такія вялікія, што ён нагадваў грызуна.
«Ты хто? – спытаў Лёкса Шпуль, вешаючы на плячо стрэльбу. – А ну паказвай, што ў руках!»
«Я п-палясоўшчыка…», – сказаў хлопчык і нясьмела працягнуў Лёксу жалейку.
«Што?»
«С-сын», – крыва пасьміхнуўся хлопчык.
«Сам бачу, што ты яму ня цешча».