Светлый фон

Ён пастаяў са схіленаю долу галавою каля самай вады, малюючы коньчыкамі пальцаў нагі фігуры на мокрым пяску, а потым сышоў з берага ў плыткае прыбярэжжа, дзе ў самым глыбокім месцы вада не даходзіла да каленяў; ён пайшоў далей, павольна пасоўваючыся наперад, і дайшоў да пясчанай водмелі. Там ён нейкую хвілю пастаяў, павярнуўшы твар у далячынь, а потым паволі пачаў адступаць усё далей налева ад доўгай і вузкай паласы голага дна. Аддзелены ад сушы шырокім пасам вады, ганарліва адлучыўшыся ад сябрукоў, ён, надзвычай самотны, дэзарыентаваны, ішоў з ускудлачанымі ад ветру валасамі, ужо далёка ў моры, пад парывамі ветру, насустрач туманнаму бязмежжу. Ён яшчэ раз спыніўся, каб паглядзець вакол сябе. І раптам, быццам штосьці ўзгадаўшы, як ад штуршка, ён павярнуў тулава, упёршы руку ў сцягно, прыгожа крутнуўся, змяніў сваю асноўную позу і цераз плячо зірнуў на бераг. А той, хто назіраў за ўсім, сядзеў, як і сядзеў заўсёды раней, быццам толькі што вярнуўшыся з уцёкаў, і гэты змрочны позірк, здавалася, зноў сустрэўся з ягоным. Яго галава на спінцы крэсла паволі паварочвалася ўслед за рухамі таго, хто крочыў у далечыні: вось яна паднялася, быццам насустрач позірку і ўпала на грудзі, так што вочы глядзелі цяпер знізу ўверх, а ягоны твар выяўляў цяпер расслабленасць, звернутасць у самога сябе, выраз глыбокага сну. А ў яго стварылася ўражанне, быццам бледны і любы псіхагог[82] усміхаеццца яму адтуль здалёку, і махае яму рукою; быццам, адняўшы руку ад сцягна, паказвае кірунак, плыве ў запаветна-незвычайнае. І як часта ўжо бывала раней, ён устаў, каб пайсці за ім услед.

Прайшло некалькі хвілін, перш чым людзі заспяшаліся на дапамогу чалавеку, які заваліўся ў крэсле набок. Яго занеслі ў пакой. І ўжо таго самага дня свет абляцела вестка пра яго смерць, якая прымусіла ўсіх пашанотліва здрыгануцца.

Прамова Томаса Мана на банкеце ў Гранд Гтэлі, прысвечаным уганараванню Нобелеўскай прэміяй. Стакгольм, 10 снежня 1929 года

Прамова Томаса Мана на банкеце ў Гранд Гтэлі, прысвечаным уганараванню Нобелеўскай прэміяй. Стакгольм, 10 снежня 1929 года

Вось і для мяне надышоў момант выказаць падзяку, вельмі жаданы момант, пра гэта няма патрэбы лішне гаварыць. Так, ён настаў, калі ўжо баішся, што не знойдзецца слова, адпаведнае пачуццю, як гэта часта здараецца з прыроджанымі не-прамоўцамі. Да прыроджаных не-прамоўцаў я залічваю пісьменнікаў увогуле: ёсць глыбокія адрозненні, нават супрацьлегласці, паміж метадамі творчасці і ўздзеяння прамоўцы і пісьменніка, бо менавіта імправізацыя, літаратурная прыблізнасць усяго моўленага, прынцып мастацкай недагаворанасці, які шмат у чым, нават у вырашальным, разлічвае на дадатковую дапамогу асабістага ўздзеяння, для інстынктаў прынцыповай пісьменніцкай асобы будзе непрымальным. У маім жа выпадку дадаюцца яшчэ неспрыяльнасці часу, якія пакідаюць мала надзеі на поспех майго вымушанага выступу: абставіны, у якія праз Вас, шаноўнае спадарства са Шведскай Акадэміі, я трапіў, бурлівыя абставіны, якія цудоўна бянтэжаць і пераварочваюць усё дагары нагамі, абставіны якія ствараюць апірышча і ладзяць свята жыцця. Сапраўды, у мяне не было ніякага ўяўлення пра грымотную сілу ўганаравання, якое Вы цяпер трымаеце ў руках з правам уручыць яго. Я – натура эпічная, а не драматычная. Спакойнае прадзенне сваёй ніткі, раўнамернасць у жыцці і мастацтве – гэта тое, што адпавядае маім пажаданням і намерам. Не дзіўна, што драматычны выбуховы эфект, які з Поўначы ўварваўся ў гэтую размеранасць, яшчэ больш абмяжоўвае мае звычайныя размоўныя здольнасці. З таго часу, як рашэнне, прынятае ў асяродку Шведскай акадэміі, стала вядома ў свеце – я жыву ў безупыннай святочнай мітусні, чароўным вэрхале, душэўныя і духоўныя вынікі якога я найлепшым чынам ахарактарызую, калі згадаю дзіўна цудоўны верш Гётэ. Ён звернуты да самога Купідона, я маю на ўвазе радкі: "Ты ўсё пераставіў і зрушыў". Так, Нобелеўская прэмія драматычна пераставіла і зрушыла ўсё эпічнае ў маім побыце, – і, праўда ж? – я не буду занадта фамільярным у дачыненні да майго уганаравання, калі параўнаю яго ўздзеянне з уплывам любоўнай жарсці на хаду ўладкаванага жыцця.