"Якім гэта чынам?" – спытаў Ашэнбах.
Тады суразмоўнік памыў валасы кліента дзвюма водамі, светлай і цёмнаю, і яны набылі чорны колер, як у маладыя гады. Ён уклаў іх пры дапамозе шчыпцоў для завіўкі валасоў, адышоўся і праверыў сваю працу з гэтай галавою.
"Нядрэнна было б зрабіць яшчэ нешта, – сказаў ён, – крышку асвяжыць скуру на твары".
І як чалавек, якому не хочацца сканчваць працу, якому здаецца, што яшчэ не ўсё гатова, ён усё больш актыўна браўся то за адну аперацыю, то за іншую. Ашэнбах, седзячы ўтульна і спакойна, не здольны быў супраціўляцца, а ўсхвалявана чакаў: што ж яшчэ будзе; ён у люстэрку ўбачыў, што яго бровы выгнуліся больш рашуча і роўна, што разрэз яго вачэй падоўжыўся, што іх бляск, дзякуючы лёгкаму падмалёўванню павекаў, паярчэў, а ніжэй, дзе скура раней мела рудаваты нежывы колер, яна ад мяккай мазі аджыла, набыўшы колер пяшчотнага карміну; вусны, толькі яшчэ нядаўна малакроўныя, зрабіліся падобнымі да спелых малінаў; зморшчыны на шчоках, вакол рота, пад вачыма зніклі пад уздзеяннем крэму і адчування маладосці – вось жа, ён з сардэчным хваляваннем убачыў юнака, які цвіце. Нарэшце цырульнік быў задаволены і, адпаведна манерам такіх людзей, з ліслівай ветлівасцю падзякаваў таму, каго ён абслужыў. "Зусім нязначная паслуга, – сказаў ён, дадаючы апошні штрышок знешнасці Ашэнбаха. – Цяпер Вы, не задумваючыся, можаце закахацца". А той, як заварожаны, пайшоў і адчуў сябе казачна шчаслівым, разгубленым і пакорлівым. На ім быў чырвоны гальштук, яго капялюш з шырокімі палямі апярэзвала стракатая стужка.
Падзьмуў цёплы, як сырадой, штармавы вецер; дождж ішоў рэдка і не надта спорна, але паветра было вільготнае, густое і напоўненае застаялымі выпарэннямі. Шоргат, ляскат і посвіст забівалі слых, а Ашэнбаху, якога ажно пачало ліхаманіць пад шмінкаю, здалося, што злыя паветраныя духі робяць у прасторы сваю ганебную справу, а выродлівыя птушкі мора знішчаюць, раз’ядаюць і брудзяць усякім паскудствам ежу асуджанага. Бо спякота адбівала ахвоту есці, і ўсё больш настойліва з’яўлялася думка, што страва атручана заразнымі рэчывамі.
Ідучы за прыгажуном, Ашэнбах аднойчы надвячоркам заглыбіўся ў самую блытаніну хворага горада. Страціўшы здольнасць арыентавацца на мясцовасці – бо ўсе завулачкі, вадаёмы, масты і невялічкія плошчы лабірынта нічым паміж сабою не адрозніваліся – не ўпэўнены ўжо ў напрамках свету, ён цяпер думаў толькі пра тое, як не страціць з поля зроку таго, за кім ён так пажадліва памкнуўся; вымушаны быць ганебна асцярожным, тулячыся да сцен, хаваючыся за тымі, хто ішоў наперадзе, ён працяглы час не усведамляў сваёй стомы і зняможанасці, якія ад перажыванняў і бясконцага напружання апанавалі яго цела і душу. Тадзя ішоў за астатнімі сямейнікамі; у вузкіх праходах ён звычайна прапускаў наперад гувернантку і сясцёр-манашак, і, няспешна ідучы асобна, час ад часу паварочваў галаву, каб, зірнуўшы сваімі своеасабліва цёмна-шэрымі вачыма цераз плячо, упэўніцца, што закаханы не адстаў. Ён бачыў і не выдаваў яго. Заварожаны гэтым веданнем, спакушаны гэтымі вачамі ісці наперад, ганебна трапіўшы на павадок свайго жарснага захаплення, закаханы краўся следам за сваёй непрыстойнаю надзеяй – і ўсё такі высветліў нарэшце, што яна падманула яго сваім позіркам. Палякі мінулі крышку выгнуты мост, вяршыня дугі схавала іх ад пераследніка, а калі ён сам апынуўся на тым баку, то іх ужо не ўбачыў. Ён шукаў іх у трох напрамках, наперадзе і з двух бакоў вузкага і бруднага ўзбярэжжа, але – марна. Нервовае радражненне, няўпэўненасць вымусілі яго нарэшце адмовіцца ад пошукаў.