Светлый фон

Ён, вытрываўшы гэта ўсё, прачнуўся, нервова змардаваны, разбіты, зняможана апанаваны дэманам. Ён больш не баяўся позіркаў людзей, якія назіралі за ім; іх падазрэнні больш яго не турбавалі. Ды яны ўжо масава ўцякалі, ад’язджалі; шматлікія пляжныя збудаванні апусцелі, з ліку работнікаў сталоўкі шмат каго ўжо бракавала, а ў самім горадзе рэдка калі можна было ўбачыць турыста. Відаць, праўда прасачылася, паніку, нягледзячы на ўпартую трываласць зацікаўленых, стрымаць ужо было немагчыма. Але жанчына ў каштоўных упрыгожаннях заставалася са сваімі блізкімі, магчыма, таму, што чуткі не дайшлі да яе, ці таму, што яна мела дастаткова гонару і смеласці, каб не паддацца: Тадзя застаўся, і Ашэнбаху, у яго разгубленасці, часам здавалася, што ўцёкі і смерць знішчаць усё навокал, што перашкаджае яго жыццю, а яны застануцца на востраве толькі ўдваіх з прыгажуном – і раніцай ля мора яго позірк цяжка, без адказу, упарта запыняўся на постаці жаданай асобы, а на схіле дня ён ішоў цераз завулкі, у якіх патаемна блукала смерць; непрыстойна ішоў за ім, і непрыстойна жудаснае, здавалася яму, неўзабаве будзе законам маралі.

Як і кожны, хто кахае, ён жадаў быць каханым і адчуваў горкі страх, што гэта, мусіць, немагчыма. Ён дадаў да свайго касцюма дэталі, якія надавалі яму маладзёвую бадзёрасць, ён аздабляў сябе каштоўнымі камянямі і ўжываў парфуму; яму ўдзень патрабавалася шмат часу на туалет, і ён выходзіў да стала ўпрыгожаны, узбуджаны і напружаны. На фоне прывабнага юнацтва, якое вельмі імпанавала яму, яго цела, якое старэла, выклікала ў яго агіду; наяўнасць сівых валасоў, непрыгляднасць вострых рысаў твару выклікала ў яго пачуццё сораму і безнадзейнасці. У яго з’яўлялася імкненне цялесна асвяжыцца і зноў узнавіцца; ён пачаў часта наведваць цырульніка гатэля.

У цырульні, ахінуты халатам, адкінуўшыся ў крэсле і адчуваючы пяшчотныя дотыкі рук балбатлівага майстра, ён пакутліва разглядаў свой адбітак у люстэрку.

"Сівы", – прамовіў ён са скажоным тварам.

"Крышку, – адказаў цырульнік. – І гэта праз невялічкую занядбанасць, абыякавасць да знешніх рэчаў, зразумелую ў значных людзей, якая, аднак, не вартая пахвалы, тым больш, не вартая таму, што забабоны ў натуральных і штучных справах такім асобам не вельмі да твару. Калі б, адпаведна гэтай логіцы, строгасць нораваў пэўных людзей адносна мастацтва касметыкі распаўсюдзілася і на іх зубы, то яны з’явіліся б не благім аб’ектам для здзекаў. Урэшце, наш узрост вызначаецца нашым духам, тым, што ў нас на сэрцы, а сівыя валасы часам больш скажаюць існасць, чым гэта зробіць нязначная "карэкцыя". Што да Вас, шаноўны пане, то Вы маеце права на натуральны колер валасоў. Вы дазволіце мне проста вярнуць мне Ваш?"