Светлый фон

Людміла Рублеўская Пантофля Мнемазіны

Людміла Рублеўская

Пантофля Мнемазіны

© Л. І. Шніп, 2018 © Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018 © Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

© Л. І. Шніп, 2018

© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Раздзел першы Прывід з унітазам

Раздзел першы

Прывід з унітазам

Вы разбіраецеся ў пагонах?

Я – не.

Таму цяпер і сяджу ў закутку, дзе на адным маніторы бачу, як людзі ідуць па лесвіцы ўніз, на другім – уверх.

Як на малюнку аўстрыйскага мастака Эшэра, які любіў маляваць неіснуючыя канструкцыі, па якіх то жамяра поўзае, то чалавечкі.

Ну скуль мне было ведаць, што маленькае фота дзядзькі не з тымі пагонамі запхне мяне ў гэты закуток, да гэтай дурной працы, нібыта спецыяльна прыдуманай мне ў пакаранне.

А ўсяго толькі ў ведамаснай транспартнай газетцы, дзе я працавала дызайнерам, трэба было размясціць чарговую гутарку з Вельмі Важным Начальнікам, адначасова і ваенным, і транспартным. Раз-два, фоткі з інтэрнэту спампавала… Як па мне, дык усе там на адзін твар: квадратныя сківіцы, халодныя вочы, на фізіяномію зірнеш – да варажэі не хадзі, ногі ў кірзавых ботах.

Але фота, якое я на аўтамаце паставіла на паласу, аказалася старое, і ў дзядзькі на пагонах блішчэла на адну зорачку меней, чым ён цяпер мае.

– Толькі і адчапіліся, калі запэўніў, што віноўныя паляцяць з працы са свістам, – начальнік мой, Вячаслаў Мацеевіч па мянушцы Доктар Зло, стамлёна выціраў змакрэлы лоб папяровай сурвэткай з выявамі калядных аленяў. – Вядома, што з цябе, дзеўкі, узяць. Сітуацыя дурная. Звальняць не буду, але перасядзі, пакуль усё супакоіцца, на другой пасадзе, далей ад рэдакцыі, каб на вочы нікому не траплялася.

Вось і не трапляюся. Я цяпер незаўважная, як шашаль у бярвенні.

Месца маёй высылкі – у вольным кутку службы бяспекі. Ахоўнікі вестцы, што цяпер у іх пад бокам будзе шыцца нейкая дызайнерка, асабліва не ўзрадаваліся. Тым болей міла шчабятаць не ўмею, на заляцанні рэагую, як воцат на лыжку соды.